Латушка звярнуўся да інвестфондаў: грошы пайшлі на рэпрэсіі
Лідар Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка звярнуўся да інвестыцыйных фондаў, якія напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года набылі беларускія еўрабонды на $1,2 млрд. Ён кажа, што "гэтыя грошы пайшлі на рэпрэсіі".
Еўрабонды тады купілі 27 інвестфондаў з Вялікабрытаніі, Францыі, Швейцарыі, ЗША і іншых краін. Іх размяшчэннем займаліся наступныя інвестбанкі: Societe Generale, Citibank и Raiffeisen. Усе яны, а таксама Міжнародны валютны фонд, атрымалі лісты Народнага антыкрызіснага кіравання.
"Грошы з продажу еўрабондаў пайшлі не на рэфінансаванне знешняга доўгу, як гэта было заяўлена ў праспекце эмісіі, а на рэпрэсіі супраць беларускага народа, — паведамляе НАК. — Да таго ж на момант эмісіі бондаў у Беларусі ўжо парушалі законы і правы чалавека: саджалі патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты ў турмы, разганялі мірныя дэманстрацыі, не дапускалі незалежных людзей у склад участковых выбарчых камісій".
У лісце змешчаны заклік да інвестыцыйных фондаў — запатрабаваць датэрміновага пагашэння бондаў, да банкаў — праверыць выкарыстанне атрыманых уладамі Беларусі грошай. Ад МВФ НАК чакае заявы аб адмове ад крэдытавання нашай краіны, паколькі яе кіраўніцтва лічыцца нелегітымным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.