Леанід Барткевіч: “Мастацкія саветы… Каб нейкі дзядзя вырашаў… Гэта жудасна”

Леанід Барткевіч: “Мастацкія саветы… Каб нейкі дзядзя вырашаў… Гэта жудасна”

2 студзеня 2017 года набудзе моц “Кодэкс аб культуры”, які “не мае аналагаў на постсавецкай прасторы”. Затое Еўрарадыё знайшло ў Кодэксе штосьці цікавае з той самай савецкай прасторы.

Артыкул 215 Кодэкса пералічвае падставы для адмовы ў выдачы гастрольнага пасведчання арганізатару канцэрта. Сярод пунктаў пра недапушчальнасць прапаганды парнаграфіі і блаблабла пазначана “заключэнне мастацкага савета па культурна-відовішчных мерапрыемствах аб нізкім мастацкім узроўні выкананняў”.

Фактычна гэта вяртае нас у савецкія часы, калі ўсе ВІА ды сольныя выканаўцы мусілі праходзіць праз мастацкі савет. Толькі так можна было атрымаць дазвол на сольны канцэрт. Заслужаны артыст БССР Леанід Барткевіч узгадвае, што праблем з мастацкімі саветамі ў Песняроў не ўзнікала.

“У тыя часы “Песняры” былі на кані, — тлумачыць музыка. — Ды і тое, што рабіў Уладзімір Мулявін, было высокапрафесійна, таму ў нас праблем не было, але шмат у каго яны ўзнікалі”.

Паводле Кодэкса, у склад мастацкага савета могуць уваходзіць “творчыя работнікі, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, іншыя юрыдычныя асобы”. То бок любы чыноўнік можа вырашыць, ці варта беларусам слухаць таго ці іншага выканаўцу. А гэта ўжо пужае…

“Гэта ж жудасна, як і любая цэнзура, — рэзка рэагуе Леанід Барткевіч. — Народ жа сам бачыць, які артыст, якая песня яму падабаецца, на той канцэрт ён і пойдзе. Цяпер так ва ўсім свеце. А гэтыя мастацкія саветы… Каб нейкі дзядзя вырашаў… Яму не спадабалася там нешта, ці ў артыста, на яго думку, нейкі твар не такі, і ён… Гэта такая страшная рэч! Не дай Бог! Навошта!? Каму гэта спатрэбілася!? Гэта ж мы зноў вяртаемся ў тыя часы! Гэта крок назад, я лічу!”.

Удзельнічаць у такім савеце Леанід Барткевіч адразу не пагаджаецца.

Мастацкія саветы ў савецкія часы моцна паўплывалі на штатны рок-калектыў "Сузор'е" пры Беларускай філармоніі. Чэргі за квіткамі на іх канцэрт выстройваліся з раніцы, па папулярнасці ў Беларусі гурт нават спаборнічаў з “Песнярамі”. Але ў 1983 годзе былі сфабрыкаваныя лісты, што моладзь непрыстойна сябе паводзіць на гэтых канцэртах. На падставе чаго выйшла рашэнне Міністэрства культуры аб расфармаванні гурта. Музыкаў, як каштоўныя кадры, не звольнілі з філармоніі, а проста перавялі ў акампануючы склад з новымі вакалістамі — спачатку Святланай Кульпай, а потым Надзеяй Мікуліч.

“Мясцовыя адміністратары, каб неяк прыцягнуць народ на канцэрты, ад рукі падпісвалі на афішах, што выступае гурт "Сузор'е". Ну і адно аддзяленне ў выніку мы выконвалі сваё”, — з усмешкай узгадвае бубнач гурта Андрэй Філатаў.  

Гітарыст гуртоў “Верасы” і "Алгоритмы" Генадзь Старыкаў некалі казаў Еўрарадыё, што праблемы пачаліся з 1968 года, калі адбыліся падзеі ў Чэхаславакіі, “тады ў СССР пачаўся андэграўнд”. Канцэрты рок-гуртоў наўпрост забаранялі, музыкаў, якія гралі рок-музыку, выключалі з вну ды звальнялі з працы.

"Напрыклад, Кандрусевіча (кампазітар Уладзімір Кандрусевіч — заўв. Еўрарадыё) выключылі з Кансерваторыі за тое, што яны гралі музыку "Сreedence" — узгадваў гітарыст. — Гэта ж кантры-музыка. Праўда, потым яго аднавілі з абяцаннем больш не займацца рок-музыкай”.

У тыя часы гурт "Сябры" таксама трапіў пад забарону, але частковую. Прычынай гэтаму стала не толькі рокавае гучанне вакалу, але і знешні выгляд нязменнага лідара Анатоля Ярмоленкі. "У мяне была барада, як у Ісуса Хрыста, а тады гэта было – персона нон грата на тэлебачанні. Калі я раскідваў рукі і спяваў, то гэта выразалі, такое нельга было паказваць”.  

Пры гэтым Анатоль Іванавіч лічыць, што мастацкія саветы на адсоткаў 70 рабілі добрую справу, бо “прымушалі музыкаў больш прафесійна ставіцца да творчасці”. А цяпер, калі б яго запрасілі ў мастацкі савет, то ён бы паглядзеў на сітуацыю і прыняў рашэнне.

“Часам некаторыя рэчы ўсё ж трэба кантраляваць, — разважае музыка. — Я маю на ўвазе з пункту гледжання этыкі, эстэтыкі і іншых падобных рэчаў. Многаму б сёння можна было б не даваць ходу. Я не кажу цяпер пра “Лабутэны”, напрыклад, і ўсё іншае… Але неяк трэба да ўсяго гэтага падыходзіць… Шмат пахабства цяпер, і яно становіцца ўжо звыклым”.

Анатоль Ярмоленка не верыць, што мастацкія саветы вярнуцца ў Беларусь у тым выглядзе, у якім яны былі ў СССР.

Ну, і ў якасці станоўчага гістарычнага досведу мастацкія саветы спрабавалі забараняць выступы Уладзіміра Высоцкага, ВІА “Машина времени”, “ДДТ”, “Мроі” на чале з Лявонам Вольскім і шматлікіх іншых. Гэтыя музыкі вядомыя і ўлюбёныя і сёння, а вось як склаўся лёс сябраў тых мастацкіх саветаў… ніхто не ведае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі