Леанід Заіка: "Беларусь рэальна разы тры адмовілася ад расійскага рубля"

На гэтым тыдні Нацбанк падрыхтаваў праект крэдытна-грашовай палітыкі на 2008 год. Магчыма, не ўсе ведалі, што беларускі рубель быў прывязаны да расійскага, але сам факт таго, што мы збіраемся ад яго адмовіцца і прывязацца толькі да долара, напужаў многіх, асабліва ў святле апошніх не зусім гладкіх адносінаў паміж краінамі. Што гэты крок з боку Беларусі можа сапраўды значыць?
Мы папрасілі патлумачыць сітуацыю эксперта, дырэктара аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леаніда Заіку. Ён пагадзіўся стаць відавочцам гэтага тыдня.

Леанід Заіка: Практычна мы з Расіяй падпісалі шэраг пагадненняў пра сумеснае рэгуляванне грашовай сферы, гэта было даўно — ледзь не 10 гадоў таму. Апошнія гады, гадоў 5 у нас працавала сумеснае валютнае рэгуляванне і была прывязка да расійскага рубля.

Усё было вельмі проста, у перспектыве павінна была быць сумесная грашовая адзінка, і таму рэгулявалі ўласныя курсы валютаў. У Расіі быў курс 1 да 30, то бок за адзін доллар 30 рублёў давалі, цяпер крыху вышэй чым 25, а Расія проста насычаная доларамі, у Расіі проста цудоўная валютная пазіцыя, і гэта прывяло да таго, што мы рэвальвіравалі нашую грашовую адзінку.

Калі мы прывязваліся да расійскага рубля, ён павышаўся ад 1/30 да 1/25. Такі варыянт прывязкі да расійскага рубля прымушаў нас рэвальвіраваць беларускі рубель і рабіць менш канкурэнтным наш экспарт.

Вось вы кажаце, што расійскі рубель стаў рэвальвіраваць — гэта значыць, стаў больш моцным і даражэйшым. А паколькі мы былі да яго прывязаныя, то наш экспарт таксама даражэў, і гэта было нявыгадна. Менавіта гэта сталася прычынай таго, што мы вырашылі адмовіцца ад рубля, ці, можа, былі іншыя прычыны?

Леанід Заіка: Чаму цяпер вырашылі адмовіцца? Эканамічна больш мэтазгодна прывязацца ўсё-такі да долара. Долар у гэтым разе з'яўляецца найлепшым арыенцірам. Ён дастаткова гнутка рэагуе на хістанні попыту і прапановы на сусветным рынку.

Гэта выгадна чыста тэхнічна і эканамічна. А Расія не можа гэтага рабіць так гнутка, бо ў яе больш складаная сітуацыя, скажам, ёй, як вялікаму танкеру, цяжка змяніць курс.

Другі момант – мы не будзем ўводзіць расійскі рубель. Пуціным у перамовах з Лукашэнкам абазначаліся розныя перспектывы і, у прыватнасці, расійскі рубель, спярша безнаяўны, потым наяўны.

Усё. У інтэграцыю пагуляліся, і трэба сказаць, што Беларусь рэальна разы тры адмовілася ад расійскага рубля. Ну, калі адмаўляемся ал расійскага рубля і стварэння адзінай валюты, ну што тут, уласна кажучы, рабіць выгляд, што мы гэта збіраемся працягваць?

Усё, значыць, здымаецца гэтая праблема, ідзем сваім курсам. Ясна, что тут таксама адыграла ролю больш жорсткая пазіцыя Расіі з нагоды выдачы крэдыту. Вырашылі паказаць хвігу і паказаць расійскаму Цэнтрабанку і Крамлю, што мы пачынаем сваё ўласнае плаванне, прывязаўшыся да долара.

Ці значыць гэта, што Беларусь канчаткова адмовілася ад увядзення агульнай з Расіяй грашовай адзінкі?

Леанід Заіка: Ясна тое, што сапраўды мы ўжо не будзем казаць пра тое, нібы ў нас будзе адзіная грашовая адзінка. Гэта ясна. І насамрэч мы дакладна ішлі следам за расійскім рублём апошнія 5 гадоў, і мы страчвалі праз тое, што наш рубель рэвальвіраваўся да долара. І страты, дарэчы, у сотнях мільёнаў долараў вымяраюцца.


"Нашыя тавары на расійскім рынку будуць танейшымі, чым цяпер"


Леанід Фёдаравіч, вы кажаце, што мы вырашылі адвязацца ад расійскага рубля таксама з-за таго, что ён вельмі моцны. У чым сэнс прывязкі да менш моцнай валюты?

Так. Спажыўцы могуць палохацца, калі кажуць, што нашая валюта дэвальвіруецца. У чым перавага? У амерыканцаў даволі-такі разумная манетарная палітыка, і амерыканскі долар, ён больш гнуткі, ён рэагуе на хістанні рынкаў. Вельмі важна, каб грашовая адзінка, як патанок на хвалях, дакладна ўгадвала рух сусветнага рынку. А еўра стаў узмацняцца праз больш жорсткую грашовую палітыку краінаў Еўрасаюза. І цяпер атрымліваецца, што еўра мацней на 30%, чым амерыканскі долар.

Але тыя краіны, у якіх адбывалася девальвацыя, іх экспарт станавіўся больш танным, экспартныя тавары станавіліся таннейшымі.

Можаце схадзіць на аўтарынак і паглядзець: амерыканскія машыны на 30 адсоткаў будуць танней за еўрапейскія, бо амерыканскі долар знізіў сва ўтрыманне ў адносінах да еўра. Ён стаў больш танным. І таму і машыны амерыканскія сталі таннейшымі. Ну, а 30% - гэта сур'ёзная рэч. І так адбываецца па станках, па машынах, па вопратцы, прадуктах харчавання і г.д.

Калі мы сыходзім да расійскага рубля і прывязваемся да долара, а расійскі рубель будзе даражэць, тады атрымаецца, што нашыя тавары на расійскім рынку будуць больш таннымі, чым цяпер, то бок яны будуць лепш прадавацца, яны будуць больш конкурэнтнымі по кошце.

І ў гэтым ёсць сэнс, калі толькі расіяне не залямантуюць і не будуць патрабаваць, каб мы там не ладзілі дэмпінг. Але ў гэтым сэнсе нам нельга будзе выставіць прэтэнзіі, бо гэта чыста грашовыя, механічныя хістанні, абумоўленыя спецыфікай манетарнай палітыкі.


"А вось цяпер такого не будзе, цяпер можна ўгадаць, а можна — не ўгадаць"

Наколькі паспяховай была прывязка да расійскага рубля? Ці значыць тое, што мы ад яе адмаўляемся, што яна не спрацавала?

Эксперымент атрымліваўся. Гэты механізм працаваў, і яго эфектыўнасць існавала, для нашых экспарцёраў і імпарцёраў існавала даволі ясная цэнавая карціна, то бок прывязаўшыся да расійскага рубля, не было памылак.

Мы куплялі нафту, газ у Расіі і дакладна ведалі, что “я купляю, не прагару праз тое, што раптам курс долара зменіцца”. Курс долара не ўплывае, усё! Мы самі паміж Расіяй уладкоўваем гэтыя цэны.

А вось цяпер такога не будзе: цяпер можна ўгадаць, а можна — і не ўгадаць. так, сапраўды, рызыка павялічваецца. Але ў гэтым і ёсць сэнс рынку і сэнс бізнэсу. Хто больш разумна будзе дзейнічаць на гэтай прасторы, той і выйграе.


"Гэта не значыць, што я не ажанюся з Машай, а ажанюся з Джейн"

Ці можна казаць пра тое, што такі крок з боку Беларусі з’яўляецца больш справай палітыкі, чым эканомікі?


Так, можна сказаць, што беларускі прэзідэнт пакрыўдзіўся на Расію. і трэба паказаць, што мы адвязваемся, але гэта не такі жэст, які нешта азначае ў стратэгічным плане.

Гэта не значыць, што я не ажанюся з машай, а ажанюся з Джейн. Не, гэта дастаткова важны тэхналоагічны элемент манетарнай палітыкі, я ў гэтым не бачу глупства і эфектных палітычных крокаў. Не, абсалютна.

Можна паразважаць – гэта наш адказ Чэмберлену ці не, але з гледзішча прафесійнай ацэнкі, гэта не будзе кепскім рашэннем.


"І хабар даюць у доларах, і машыны купляюць у доларах, і кватэры купляюць у доларах"


Якая розніца, да якой валюты прывязваць сваю грашовую адзінку? Ці моцна гэта ўплывае на эканоміку?


Гэта заўжды ўплывае. Вось, напрыклад, паглядзім на экспарт і на імпарт. Якая там доля валюты? Калі ў нас у імпарце больш за 60% расійскіх тавараў, канечне, гэта дамінантная валюта, і мы мусім арыентавацца на галоўную валюту нашага галоўнага партнёра.

Калі б нашым галоўным партнёрам быў Еўрасаюз, тады бліжэй было б еўра. А долар, ён неяк больш усім падабаецца: і хабар даюць у доларах, і машыны купляюць у доларах, і кватэры купляюць у доларах — людзі не ткаія дурныя. Яны разумеюць, што еўра — гэта еўра, а долар — валюта, якая даўжэй гістарычна пратрымалася, валюта вытрыманая і вядомая — гэта важна ў спажывецкім сэнсе.

Ці могуць такія змены адбіцца на гандлі паміж Беларуссю і Расіяй?

У эканоміцы ўсё адбываецца лагічна і дастаткова жорстка, і нам няма сэнсу станавіцца ў позу і казаць, што цяпер мы будзем менш тавараў экспартаваць. Не, для нас расійскі рынак вельмі важны, і, у прынцыпе, у нас там ёсць ударныя пазіцыі — гэта нашая тэхніка, грузавыя аўтамабілі, трактары. І дарэчы, прырост продажаў расце.

Але тут, калі мы прывязваемся да долара, мы нікому не шкодзім. Гэта не нейкая хвіга ў кішэні расійскаму Цэнтрабанку ці асабіста Пуціну — не. Расіяне, тыя эканамісты, якія будуць каментаваць гэты працэс, яны папросту скажуць, што Расія губляе з-за таго, што ў Расіі адбываецца рэвальвацыя рубля і расійскі экспарт становіцца неканкурэнтным.

Прывязаўшыся да долара, мы цалкам можам сказаць, што зусім магчыма праз паўгода, праз год нашыя тавары менавіта з гэтай прычыны будуць крыху таннейшымі, чым расійскія — гэта чакаецца, на гэта можна разлічваць. Такі эфект можа ўзнікнуць, і ён будзе на карысць Беларусі, а не на карысць расіян.

Як хутка мы зможам пабачыць гэты эфект?

Не чакайце тут нейкіх рэзкіх зменаў. Мы можам атрымаць пэўныя перспектывы зніжэння кошту нашых тавараў за мяжой, зніжэнне цэнаў нашага экспарту, але гэта не адразу – праз квартал, праз паўгода, праз год, але, наогул, такі эфект павінен атрымацца. Хаця я паўтараю, што ён можа быць невялікім — літаральна, могуць быць дзесяткі мільёнаў долараў. Няблага, калі гэта будуць сотні мільёнаў долараў; гэта будзе вельмі добра, калі сотні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі