Ледзяны дождж і паваленыя дрэвы: БЧ паведаміла пра спазненне 50 цягнікоў
Цягнік, ілюстрацыйнае фота / pixabay
Завіруха, мокры снег і ледзяны дождж прывялі да адхілення цягнікоў ад графіка 11-12 снежня, расказалі ў прэс-службе Беларускай чыгункі. У гэтыя суткі на аб'екты чыгуначнай інфраструктуры ўпала больш за 1,2 тыс. дрэў. Праз гэта на асобных участках дарогі адключаліся лініі электразабеспячэння.
“У гэты перыяд больш за 50 пасажырскіх цягнікоў рухалася з адхіленнем ад устаноўленага графіка руху. Затрымка склала ад 15 хвілін да 5 гадзін. Таксама былі зафіксаваныя затрымкі ў руху грузавых цягнікоў на электрацязе. Пацярпелых і пашкоджанняў рухомага складу не зафіксавана", — расказалі ў прэс-службе.
Пасажыры могуць звярнуцца ў касы Беларускай чыгункі з пытаннямі аб кампенсацыі кошту праезду праз спазненне цягніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.