Лекары чакаюць “звычайны” грып

У Беларусі пачалася эпідэмія грыпу і ВРВІ. На сённяшні дзень эпідэмія аб’яўлена ў Маладзечне і Гомелі. Плануецца, што ў нашай краіне яна будзе цягнуцца не менш за паўтара месяца.

Калі ў мінулым годзе Беларусь “перахварэла” амаль не заўважна, то сёлета мяркуецца, што ўзровень захворванняў будзе вышэйшы.


Эпідэмія аб’яўляецца толькі ў тых гарадах, дзе цягам трох дзён назіраецца перавышэнне нарматыўнага кантролю ў тры ці больш разоў.


Назіранне вядзецца па 18 кантрольных гарадах Беларусі. У пералік іх уваходзяць Мінск плюс усе абласныя гарады разам з буйнымі раённымі.


Па звестках за мінулы тыдзень, у кантрольных гарадах колькасць захварэлых дзяцей складае 47 адсоткаў; адпаведна, 53 % прыпадаюць на дарослых.


Па словах галоўнага эпідэміёлага Міністэрства аховы здароўя Анатоля Кажамякіна, узрастанне захворвання на ВРВІ працягваецца ўжо на працягу апошніх чатырох тыдняў, з тэмпам прыросту ад 7–13%. Распавядае Анатоль Кажамякін:


“Устойлівае перавышэнне эпідэмічнага парогу цягам 3 дзён на мінулым тыдні назіралася толькі ў Маладзечне і Гомелі. І ў гэтых гарадах аб’яўлена эпідэмія. У агульным сітуацыя пачынае нарастаць.


У панядзелак перавышэнне эпідэмічнага парогу назіраецца ў 11 кантрольных гарадах. Гэта яшчэ не азначае, што ва ўсіх іх аб’яўлена эпідэмія.


Але такія кандыдаты ёсць. Гэта ў першую чаргу Мазыр і Рэчыца на Гомельшчыне, на Міншчыне — Барысаў. У Мінску таксама захворванне ўзрастае. У Магілёве і Бабруйску таксама высокае захвораванне. Такім чынам, усё будзе зразумела ў бліжэйшыя дні”.


Больш падрабязна пра сітуацыю ў Маладзечне распавядае карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Панямонаў:


Агульная колькасць хворых дасягае сёння 1716 чалавек, з іх 1378 дзеці. На вымушаныя тыднёвыя вакацыі зачынена некалькі школ, дзе колькасць хворых перавысіла 30 адсоткаў ад агульнай колькасці вучняў — 9 і 14 ў Маладзечне і сярэдняя ў Палачанах.


Па словах намесніка галоўнага доктара Цэнтра гігіены і эпідэміалогіі Людмілы Ярмачэнка, пік эпідэміі прыйдзецца дзесьці на 8-10 сакавіка. Тады колькасць захворванняў, на думку медыкаў, можа дасягаць лічбы да 3 тысяч чалавек за тыдзень.


Магчымы надыход эпідэміі ў Баранавічах. У канцы мінулага тыдня там зафіксавана перавышэнне эпідымічнага парога па ВРВІ і грыпу ў 2,9 раза. Пра гэта паведаміла лекар-эпідэміёлаг Баранавіцкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Афонік.


Яна дадала, што за мінулы тыдзень было зарэгістравана больш за паўтары тысячы выпадкаў вострых рэспіраторных вірусных інфекцый і 31 выпадак грыпу.


У гэтым годзе на грып было прышчэплена каля 800 тысячаў чалавек з групы рызыкі. Па меркаваннях эпідэміёлагаў сёлета не чакаецца з’яўлення новых вірусаў. Расказвае Анатоль Кажамякін:


“Мяркуецца, што эпідэмія працягнецца па меншай меры 6 тыдняў. Але ўлічваючы тое, што ў мінулым годзе эпідэмія была слабая, спакойная, захворванне было адно з самых нізкіх амаль за апошнія 15 год, то ў гэтым годзе, канечне, узровень захворавання будзе вышэйшы.


Але ён усё роўна, па нашых планах, павінен застацца ў нормах сярэдніх паказальнікаў. Пакуль ніякіх экзатычных вірусаў мы таксама не чакаем. Будуць тыя ж вірусы, якія сустракаліся і раней і якія ўвайшлі ў вакцынныя штамы”.


Фота — ua.ura-inform.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі