Лідар "Правага сектару" Яраш пракаментаваў мінскія дамоўленасці

13 лютага лідар вайскова-палітычнага руху "Правы сектар" Дзмітро Яраш пракаментаваў мінскія дамоўленасці. Як вядома, у беларускай сталіцы 11-12 лютага засядалі трохбаковая кантактная група (Украіна — Расія — АБСЕ) і "нармандская чацвёрка" (лідары Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расіі). Удалося дамовіцца пра спыненне агню на Данбасе ў ноч з 14 на 15 лютага.

Яраш піша ў Facebook, што з Расіяй і Пуцінымі "ніякія дамоўленасці немагчымыя", паколькі яны іх не будуць выконваць. Ён раіць прэзідэнту Пятру Парашэнку далучыць да перамоваў ЗША і Вялікабрытанію, паколькі гэтыя краіны праводзяць паслядоўную антыкрамлёўскую палітыку.

Кіраўнік "Правага сектару" лічыць, што ўкраінскія войскі мусілі скарыстацца тым, што пад Дэбальцавым былі скаваныя значныя сілы праціўніка і "нанесці ўдары рэзервамі на іншых напрамках". Ён крытыкуе Генштаб, які "не зрабіў патрэбных высноваў з паражэння пад Ілавайскам". Яраш мяркуе, што трэба адмаўляцца ад практыкі ўтрымання любым коштам нейкіх тэрыторый, вызначаных палітыкамі. Як вядома, у Дэбальцаве тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў апынуліся ў аператыўным акружэнні.

Дзмітро Яраш падкрэслівае, што Добраахвотны ўкраінскі корпус "Правы сектар" працягвае разгортванне сваіх узброеных сілаў, вядзе падрыхтоўку, каардынуе дзейнасць з Узброенымі Сіламі, рыхтуе стварэнне "Аператыўнага штабу ўкраінскага добраахвотнага руху".

"Правы сектар" лічыць, што "дамоўленасці з прарасійскімі тэрарыстамі не маюць ніякай юрыдычнай сілы, супярэчаць існуючай Канстытуцыі Украіны, таму іх выкананне не з'яўляецца абавязковым для грамадзян". Таму, у выпадку, калі ўкраінскаму войску загадаюць адвесці цяжкую тэхніку і артылерыю з лініі фронту і забароняць адкрываць агонь, "Правы сектар" пакідае за сабой права працягваць актыўныя баявыя дзеянні. І рабіць гэта "згодна сваіх аператыўных планаў, да поўнага вызвалення ўкраінскіх земляў ад расійскай акупацыі".

Фота: АР

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі