Кіраўнік МЗС Літвы сфатаграфаваўся з "ядзернымі" цукеркамі ў гонар БелАЭС
У рамках барацьбы супраць будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус сфатаграфаваўся з "ядзернымі" цукеркамі. Адпаведны фатаздымак ён апублікаваў у сваім твітар-акаўнце.
На абгортцы цукерак — знак ядзернай небяспекі і надпіс "nuclear". Цукеркі Sweetmania выпускаюць у Польшчы.
"Маленькія падарункі ўмацоўваюць дружбу і паразуменне", — паіранізаваў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.
Ён чарговы раз заклікаў спыніць "гэты небяспечны праект", які будуецца за 40 км ад Вільні, на мяжы з Еўрасаюзам.
Тым часам афіцыйны Мінск разлічвае, што ў лютым удасца паставіць кропку ў дыскусіі з Літвой наконт будаўніцтва АЭС. Пра гэта заявіла першая намесніца міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна, перадае interfax.by. Якраз у лютым у Жэневе адбудзецца сесія Нарады бакоў Канвенцыі Эспа.
Small gifts reinforce friendship and mutual understanding. #Belarus‘ #Ostrovec nuclear power plant not only 40 km from Vilnius but also just 200 km away from Daugavpils. Joint effort is a must to stop this unsafe project on the #EU doorstep. @edgarsrinkevics pic.twitter.com/olwCMQ9CM2
— Linas Linkevicius (@LinkeviciusL) October 3, 2018