Літва накіравала Беларусі ноту з заклікам спыніць запуск БелАЭС

Літва накіравала Беларусі ноту з заклікам спыніць запуск БелАЭС

Літва заклікае Беларусь спыніць работы па запуску Беларускай АЭС у Астраўцы. Адпаведную дыпламатычную ноту афіцыйная Вільня адправіла ў Мінск, паведамляе ru.delfi.lt са спасылкай на Міністэрства замежных спраў Літвы.

"Мы заклікаем суседнюю краіну аддаць прыярытэт бяспецы, а не будаўнічаму графіку, і не ствараць пагрозы жыхарам ні сваёй краіны, ні іншых краін", — гаворыцца ў звароце. 

Літва лічыць канструктыўным крокам прыпыненне работ па запуску АЭС і тэрміновую арганізацыю беларускага нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі рэкамендацый стрэс-тэстаў на БелАЭС пад наглядам экспертаў ЕС. Акрамя таго Літва прапануе неадкладна пусціць у Беларусь групу міжнародных экспертаў для маніторынгу.

5 траўня на Беларускую АЭС цягніком прыбыла з Расіі ядзернае паліва. Фізічны запуск першага энергаблока запланаваны на ліпень, энергетычны запуск — на верасень-кастрычнік 2020-га.

Літва актыўна выступае супраць запуску Беларускай АЭС, лічачы яе пагрозай нацыянальнай бяспецы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі