Litvintroll змяняе назву і рыхтуе новы сінгл
А пакуль прыхільнікі гурта збіраюць подпісы пад патрабаваннем да былога дырэктара калектыву вярнуць музыкам іх назву.
Вядомы беларускі пэган-метал-гурт Litvintroll так і не змог дамовіцца з былым удзельнікам калектыву пра далейшае карыстанне сваёй назвай. Музыкі будуць працаваць далей, але вымушаныя змяніць імя. Як цяпер будзе называцца вядомы гурт, пакуль трымаецца ў сакрэце. Лідар калектыву Андрэй Апановіч абяцае цягам бліжэйшага месяца падрыхтаваць да выдання новы сінгл, а разам з ім будзе агучаная і новая назва металістаў.
Тым часам на сайце change.org з’явілася электронная петыцыя з патрабаваннем “Вярнуць імя гурта Litvintroll яго музыкам”. Падрыхтавалі яе аматары калектыву без удзелу музыкаў і пад ёй ужо падпісалася 386 чалавек.
Нагадаем, 10 красавіка ў інтэрнэце з’явілася паведамленне пра роспуск гурта Litvintroll. А праз два дні музыкі калектыву абверглі гэтую інфармацыю. Андрэй Апановіч і кампанія патлумачылі, што такую заяву зрабіў былы дудар каманды Васіль Верабейчыкаў, які паралельна быў дырэктарам гурта і з’яўляецца праваўладальнікам яго назвы.