Лукашэнка: 80% работнікаў заробак у 1000 рублёў “у вочы не бачылі”

Лукашэнка: 80% работнікаў заробак у 1000 рублёў “у вочы не бачылі”

2 сакавіка Аляксандр Лукашэнка слухае справаздачу ўраду аб выніках працы эканомікі ў 2017 годзе. У Доме ўраду прысутнічаюць прэм’ер, міністры, кіраўніцтва Нацбанка, аблвыканкамаў, гарадскіх і раённых выканкамаў, банкаў і вядучых прадпрыемстваў. У сваёй прамове Лукашэнка крытыкуе Саўмін і яго дзейнасць.

“Я ведаю, што стаіць за гістарычна нізкім узроўнем інфляцыі і амаль тысячай рублёў у снежні, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы сайт sb.by. — Вы ж літаральна выціснулі з прадпрыемстваў гэтую сярэднюю тысячу ў канцы года. Але 80% работнікаў яе і ў вочы не бачылі. У паловы гэта ніжэй за 640 рублёў. А 10% насельніцтва краіны змаглі зарабіць не больш за 300 рублёў. Гэта жыхары ў раёнах, дзе альтэрнатывы ў плане працаўладкавання няма”.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ён яшчэ не бачыў графіка росту заробкаў на 2018 год. “Па маёй інфармацыі, дасягненне і ўтрыманне ў 2018 годзе зарплаты на ўзроўні тысячы рублёў не пацвярджае ніводная з абласцей. Гэта таксама гаворыць пра тое, што вы пакуль не здольныя яе забяспечыць. Але хачу папярэдзіць губернатараў: глядзіце, нарвецеся! Напэўна, занадта добра вы жывяце — і занадта адарваліся ад людзей. Вы што, не ведаеце, што на 300 рублёў у месяц пражыць сёння практычна нельга?! Эканомце на чым хочаце, але тысячу рублёў сярэдняй зарплаты забяспечце! І перш за ўсё за кошт павышэння зарплаты тым, каго можна назваць асновай нашай дзяржавы — настаўнікам, лекарам, тым, хто выхоўвае нашых дзяцей. Трымаць іх на галодным пайку — вар'яцтва”, — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка паставіў задачу да канца сакавіка “аднавіць тысячу рублёў”, а на працягу 2018 года “пераўзыйсці гэты паказчык”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі