Лукашэнка дазволіў замежнікам рэгістравацца ў Беларусі за 10 сутак замест 5
Для замежнікаў у Беларусі спрошчаныя ўмовы знаходжання. Адпаведныя змены ў закон падпісаў Аляксандр Лукашэнка, перадае БЕЛТА. Раней дакумент быў ухвалены Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі.
Сярод іншага, у законе прадугледжана, што замежнікі цяпер могуць рэгістравацца па месцы фактычнага часовага пражывання на працягу дзесяці сутак замест ранейшых пяці. Такая мера прынятая для развіцця турыстычнай і інвестыцыйнай прывабнасці краіны, спрашчэння дзелавых і прыватных кантактаў.
Таксама ў дакуменце вызначаецца механізм атрымання замежнікамі ды іх прадстаўнікамі інфармацыі пра ўключэнне ў спіс асобаў, уезд якіх у Беларусь забаронены або непажаданы.
Нядаўна беларускія ўлады таксама паведамілі, што збіраюцца пашыраць бязвізавыя зоны для замежнікаў. Па словах міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога, спрошчаны ўезд для замежных грамадзян плануюць зрабіць праз абласныя аэрапорты і наземныя пункты пропуску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.