Лукашэнка думае, куды ўкласці грошы: у меліярацыю ці ў барацьбу з беспілотнікамі
"Страшная зброя"
Аляксандр Лукашэнка думае, куды ўкласці грошы: у меліярацыю ці ў барацьбу з беспілотнікамі. Для яго гэта "найцяжэйшае" і "новае пытанне". Заява Лукашэнкі прагучала 22 верасня ў Салігорску на нарадзе, прысвечанай развіццю жывёлагадоўлі.
"А бачыце, як сёння бамбяць Расію? — казаў ён прысутным. — Бачыце, беспілотнікі лётаюць туды-сюды. Найцяжэйшае, новае пытанне. Вось гэтыя вагнераўцы сядзяць у мяне цяпер і кожнаму распавядаюць, як ідзе гэтая вайна. Я думаю: як гэтаму [атакам беспілотнікаў] супрацьстаяць? Вось такі ёсць варыянт, такі, такі. А гэта каштуе сотні мільёнаў рублёў. Вось я і думаю: меліярацыю праводзіць, апрацоўваць, новыя землі ўводзіць (вы цяпер не можаце апрацаваць тое, што ёсць) або змагацца з гэтымі беспілотнікамі. Страшная зброя. Вось з Пуціным абмяркоўвалі. Але гэта шалёныя грошы! Але жыццё ж даражэй".
Са слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён усё ж аддае перавагу барацьбе з беспілотнікамі, але грошы найхутчэй папрасіў у кіраўніка Расіі. Прысутным жа на нарадзе заявіў, што "грошай лішніх няма". І заклікаў вырашыць праблемы ў сельскай гаспадарцы, якія "на паверхні". І адбывацца гэта будзе пад кантролем сілавікоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.