Лукашэнка хоча адклікаць амбасадараў, якія слаба нарошчваюць экспарт
Аляксандр Лукашэнка не задаволены працай беларускіх дыпламатаў у справе нарошчвання экспарту і гатовы адклікаць амбасадараў, якія не выканалі адпаведныя заданні. Такую заяву зрабіў першы намеснік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Еўдачэнка, паведамляе Радыё Свабода.
Такія магчымыя захады звязаныя з ранейшымі заявамі кіраўніка краіны, які меркаваў, што дыпламаты павінны заняцца прасоўваннем беларускай прадукцыі на замежныя рынкі. Летась ён заявіў пра адказнасць амбасадараў.
Прадстаўнік МЗС адзначыў, што 6-7 амбасадарам паказалі на неабходнасць выканання экспартных паказнікаў і зрабілі заўвагі. Гаворка ідзе пра дыплатамаў, якія цягам двух гадоў не выконваюць прагнозных заданняў без аб’ектыўных прычынаў.
Як вынікае са статыстычных дадзеных, за два гады беларускі экспарт знізіўся ў 54 краіны, а вырас у 56. Напрыклад, за 2015-2017 год аб’ёмы экспарт знізіўся ў Вялікабрытанію (на 18%), у Кітай (54,6%), Латвію (41,3%), Інданэзію (34,8%), Славакію (33,7%). Таксама экспарт адчувальна ўпаў у Італіі, Чэхіі, Туркменістане і Егіпце.
Сёлета ў першым квартале дэманструецца значны прырост беларускага экспарту — у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ён агулам вырас на 25%.