Лукашэнка хоча больш актыўна развіваць адносіны з ЕС не ў шкоду Расіі
Пра гэта ён паведаміў на сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнай Думы Расіі Сяргеем Нарышкіным 13 чэрвеня.
Па словах Лукашэнкі, якія перадае БЕЛТА, Беларусь у рамках інтэграцыі будзе праводзіць вельмі актыўную палітыку. Ён лічыць неабгрунтаванымі заявы асобных палітыкаў, у тым ліку і расійскіх, пра тое, што "Беларусь кідаецца сюды-туды".
"Беларусь ніколі не кідалася", — заявіў Лукашэнка. Ён адзначыў, што Беларусь знаходзіцца паміж двух гігантаў — Расіяй і Еўрасаюзам. І ў гэтых умовах трэба выбудоўваць адносіны.
"Улічваючы, што для нас важная эканоміка, нам трэба выбудоўваць звычайныя адносіны з ЕС, ні ў якім разе не ў шкоду нашаму саюзніку і братэрскай дзяржаве — Расіі. Ад гэтага нікуды не падзенешся", — канстатаваў кіраўнік Беларусі.
Ён дадаў, што беларускім уладам трэба больш актыўна рухацца ў кірунку ЕС, выбудоўваючы адносіны: "Мы выдатна разумеем: дрэнныя адносіны з Еўропай у нас не на карысць адносін з Расіяй".
Фота — БЕЛТА