Лукашэнка хоча, каб царква больш актыўна ўдзельнічала ў справах дзяржавы
Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым экзархам усяе Беларусі Паўлам.
"Вы ведаеце мой пункт гледжання: я не лічу, што царква па-за дзяржавай. Я наадварот хачу, каб царква прымала актыўны ўдзел у дзяржаўных справах, вядома, са сваёй далікатнасцю, асцярогай", — перадае interfax.by словы беларускага кіраўніка.
Лукашэнка нагадаў, што з распалам Савецкага Саюза развалілася і тагачасная ідэалогія. Новую ідэалогію, па яго словах, стварыць не атрымоўваецца. У сувязі з гэтым ён прапанаваў: "Чаму мы не можам выкарыстоўваць у нашым жыцці праваслаўе, хрысціянства?". Кіраўнік Беларусі адзначыў, што праваслаўная царква і беларуская дзяржава ішлі разам у патрэбным кірунку, не дамаўляючыся між сабой: "Гэта спрыяла таму, што царква адыграла каласальную ролю ў жыцці нашага грамадства. Царква фактычна не адхіленая ад дзяржаўных пытанняў".
Лукашэнка паведаміў, што неаднаразова прысутнічаў на пасяджэннях Сінода, калі яго запрашалі вырашаць назапашаныя пытанні. Беларускі кіраўнік адзначыў, што ў грамадстве высокі ўзровень даверу да праваслаўнай царквы: "Царква заўсёды па рэйтынгу пасля прэзідэнта другое месца займае".
Фота — president.gov.by