Лукашэнка: Хто даў права ўрывацца ў дом старшыні Аршанскага райвыканкама?
Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак падчас сустрэчы са старшынём Следчага камітэта Іванам Наскевічам агучыў скандальную гісторыю, якая здарылася з кіраўніком Аршанскага райвыканкама. Леаніда Пянькоўскага на гэтую пасаду прызначылі ў траўні 2017-га. Прайшло некалькі дзён і да яго ў дом прыйшлі праваахоўнікі.
“Хто даў права да чалавека, узгодненага да прызначэння прэзідэнтам, урывацца ў дом, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Бо для таго, каб праваахоўным органам нават весці нейкія расследаванні па чалавеку, які ўваходзіць у кадравы рэестр прэзідэнта, патрэбна згода прэзідэнта”.
Аляксандр Лукашэнка не ўдакладніў, якая сілавая структура пакрыўдзіла “вертыкальшчыка”. Паводле яго слоў, сілавікі “уварваліся, пачалі нешта ўдакладняць”. “Новы чалавек прыйшоў працаваць. Таўро на ім паставілі. Нядобры сігнал”, — сказаў кіраўнік дзяржавы Наскевічу. Ён загадаў яму разабрацца і даць “мужчынскую, сапраўдную ацэнку гэтай сітуацыі”.