Лукашэнка і Пуцін нічога не падпісалі, наступная сустрэча — 20 снежня
7 снежня ў Сочы прайшлі беларуска-расійскія перамовы. Яны адбываліся на фоне вулічных акцый пратэсту ў Мінску — сотні людзей выступалі супраць “паглыблення інтэграцыі” з Расіяй. Як вядома, некалькі месяцаў ішла праца ўрадаў над “інтэграцыйнымі дарожнымі картамі” і яе вынік мусілі атрымаць кіраўнікі краін.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у рэзідэнцыі Бачараў Ручай размаўлялі сам на сам і разам з дэлегацыямі, якія ачольвалі прэм’еры. "Мы не просім танны газ, танную нафту. Галоўнае, каб былі роўныя ўмовы", — ужо на самым пачатку заявіў Лукашэнка. Па выніках перамоў, якія працягваліся пяць з паловай гадзінаў, было заяўлена толькі пра “збліжэнне пазіцый” па шэрагу праблемных пытанняў. Міністр эканамічнага развіцця РФ Максім Арэшкін паведаміў, што “сур’ёзны” прагрэс ёсць “па нафце і газе”. Урады атрымалі ўказанні і з панядзелка пачнецца іх прапрацоўка. Далей, кажа Арэшкін, будуць абноўлены “дарожныя карты” і пра вынікі дакладуць прэм’ер-міністрам і кіраўнікам краін.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін да прэсы не выходзілі. Яны абмяняліся падарункамі і развіталіся. Было заяўлена, што іх наступная сустрэча пройдзе 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу. Такім чынам, 8 снежня, на 20-я ўгодкі стварэння саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, не будзе падпісання ніякіх дакументаў па інтэграцыі.
Путин и Лукашенко завершили переговоры спустя пять с половиной часов. Президент проводил белорусского коллегу и обнял на прощание pic.twitter.com/2d9WqL5hKW
— Кремлевский пул РИА (@Kremlinpool_RIA) 7 декабря 2019 г.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.