Лукашэнка: Мяне дзівіць, калі мужык не можа на ўзроўні іншых прабегчы 10 км
"Ганьбішчам" назваў Аляксандр Лукашэнка сітуацыю ў мужчынскім біятлоне. Заява прагучала на сустрэчы з удзельнікамі зімовых Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў 2018 года.
Бліжэйшым часам у Лукашэнкі пройдзе буйная нарада па зімовых відах спорту. Яе рыхтуюць міністр спорту і кіраўнік Адміністрацыі. "Мы падрабязнайшым чынам, дэталёва разбяром тыя недахопы, памылкі і хібы, якія ў нас ёсць у зімовых відах спорту, зробім адпаведныя высновы. Ужо нямала зроблена. Ужо выбудоўваецца сістэма. Ніякіх дурных, шалёных грошай не будзе. За вынік будзем плаціць. І для падрыхтоўкі мы таксама грошай не пашкадуем", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка Беларусі.
"Але і трэнеры, і спартоўцы павінны разумець, што ўсякія там раз'езды за мяжу — закаткі, раскаткі ды іншае — гэта таксама сышло ў мінуўшчыну. Столькі, колькі трэба ў гарах рыхтавацца, столькі і будзеце рыхтавацца. Але павінен быць вынік", — запатрабаваў ён.
Рэзкая крытыка прагучала на адрас мужчын-біятланістаў. "Такога ганьбішча, як у біятлоне ў мужыкоў, у краіне быць не павінна. Тым больш, што насцярожвае, мы бо зверху падаем ўніз. Мяне наогул дзівіць, калі мужык не можа на ўзроўні іншых прабегчы 10 км. А яшчэ горш — страляць не ўмее, горш за дзяўчынак. Гэта што за мужыкі, што гэта наогул за падрыхтоўка і што гэта за трэнер?" — не стрымаў абурэння Лукашэнка.
Таксама раскрытыкаваў ён і лыжнікаў: "Казкі мне распавядалі на працягу пяці гадоў. Дараслі да таго, што на адной пятлі ў здаровых мужыкоў яны ўжо прайгравалі 45 секундаў. Гэта што за гонка?"