Лукашэнка: Мяне суткі таму пахавалі, і цябе могуць пахаваць
У эфіры тэлеканала "Беларусь 1" увечары 1 жніўня паказалі, як Аляксандр Лукашэнка жартуе з чутак пра сваё здароўе.
Як паведамлялася, у панядзелак у некаторых СМІ і тэлеграм-каналах з'явіліся звесткі пра інсульт у кіраўніка Беларусі. Яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант назвала такія звесткі трызненнем. 31 ліпеня сам Лукашэнка прыняў кіраўніка Мінскай вобласці Ісачэнку, а на наступны дзень праехаў па палях Мінскага раёна.
На полі звяртаючыся да аднаго з сельскагаспадарчых кіраўнікоў ён сказаў: "У будучым годзе мне даложыш. Ты ж дажывеш да будучага года? Але ты асабліва не заракайся. Мяне суткі таму пахавалі, і цябе могуць пахаваць".
На пытанне карэспандэнта тэлерадыёкампаніі "Мір" пра стан здароўя, беларускі кіраўнік заявіў: "Жывы я, не хвалюйся".
Таксама ён пасмяяўся з заявы, быццам у яго ёсць двайнік.