Лукашэнка падзякаваў тым, хто падпісаўся за яго: галасаваць будуць як захочуць

Лукашэнка падзякаваў тым, хто падпісаўся за яго: галасаваць будуць як захочуць

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім, хто падпісаўся за яго вылучэнне кандыдатам на будучых прэзідэнцкіх выбарах. Адпаведны сюжэт быў паказаны на тэлеканале АНТ.

Кіраўнік дзяржавы згадаў пра сваю ініцыятыўную групу. "Ініцыятыўная група — у нас іх не адна тысяча чалавек, усё-ткі дзясятак тысяч чалавек, нават больш. Гэта нашы людзі, гэта людзі, якія адданыя справядлівасці, незалежнасці Беларусі і збіраюць подпісы", — прыводзіць яго словы TUT.by. Раней паведамлялася, што ў групу беларускага кіраўніка ўвайшло больш за 11 тысяч чалавек. 

Лукашэнка падзякаваў кіраўніку свайго штаба Міхаілу Орду за арганізацыю працы. Ён папрасіў, каб той падзякаваў усім, хто аддаў свае подпісы. 

"Перадайце падзяку людзям ад майго імя за тое што яны падпісаліся за дзейнага прэзідэнта, я ім вельмі ўдзячны. Яны павінны разумець, што галасаваць яны будуць так, як яны захочуць. Яны проста хочуць бачыць мяне як кандыдата ў прэзідэнты, а на выбарах усе вызначацца, за каго галасаваць, гэта права кожнага чалавека", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Як распавядала Еўрарадыё, на нарадзе 25 траўня Лукашэнка заявіў, што за яго вылучэнне ўжо сабрана каля 200 тысяч подпісаў, "але спыняцца не трэба". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі