Лукашэнка памілаваў экс-кіраўніка сваёй Службы бяспекі Андрэя Уцюрына
Андрэй Уцюрын
Лукашэнка памілаваў экс-кіраўніка сваёй Службы бяспекі Андрэя Уцюрына. Сілавік, які ў 2019 годзе трапіўся на гіганцкім хабары, выйшаў на волю, адседзеўшы 5,5 года з 12-ці, прызначаных судом.
Да затрымання Уцюрын займаў пасаду намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі. "Ён хадзіў з нашым атрадам 2-11 на промзону. Быў у прывелігіраваным становішчы. Насіў файную вопратку ды боты, займаўся спортам ды наогул выглядаў вельмі добра", — прыгадвае блогер і экс-палітвязень Сяргей Пятрухін, які і атрымаў інфармацыю пра "памілаванне" сілавіка.
Улетку 2020 года Уцюрын прызнаны вінаватым у карупцыйных злачынствах: у атрыманні хабару (не менш за 192 тысячы долараў) і ў падбухторванні да дачы хабару. Яго пазбавілі звання палкоўніка і на 5 гадоў забаранілі займаць пэўныя пасады. Сілавік сваю віну прызнаў цалкам.
Былы гендырэктар "Белтэлекама" Сяргей Сівадзедаў па той жа карупцыйнай справе асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.