Лукашэнка папярэдзіў украінскіх рэвалюцыянераў (відэа)
Кіраўнік дзяржавы ў апошнія дні рэгулярна выказваецца пра падзеі ва Украіне. Яго "рэцэпт" ад паўтарэння Майдану: не трэба красці ў людзей.
23 лютага Аляксандр Лукашэнка размаўляў з жыхарамі Мінска, якія прыйшлі на цырымонію ўскладання вянкоў да манумента Перамогі. Ён падкрэсліў, што Украіна павінна застацца адзінай дзяржавай і што "яна нам не чужая".
"Не трэба перажываць, што там нешта здарылася, у нас будзе, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Трэба перажываць за тое, што нашы людзі там перажываюць вось гэты цяжкі крызіс. Гэта вельмі цяжка. І гэта толькі пачатак. Ведаеце, прыгожа на плошчы можна гаварыць, можна заклікаць да чаго заўгодна. Але ж заўтра пачнуцца пытанні і эканомікі, фінансаў, людзям трэба плаціць пенсіі, заробкі, людзям нарэшце трэба даць працу. Вось што заўтра паўстане перад рэвалюцыянерамі, якія пытанні.
Таму калі ўсё па-добраму, па-мірнаму, мы асуджаныя жыць з імі ў дружбе і згодзе. Але вы не павінны гэта асабліва браць у галаву. У Беларусі Майдан паспрабавалі зрабіць у 2010 годзе. Ведаеце... я часта так думаю: вось цяпер наш народ зразумеў, што магло б быць, калі б мы гэта дапусцілі. Але ж мы [падчас разгону Плошчы 19 снежня 2010 года ў Мінску] ні вадой не палівалі, ні слёзацечны газ не ўжывалі, нікому нічога не ламалі. Але калі ты дакрануўся да вайскоўца, да міліцыянера, да спецназаўца, які вас спрабуе расцягнуць, адказ будзе імгненны...
Таму вы не перажывайце, усё будзе нармальна. Мы нічога адзін у аднаго не ўзялі, мы нічога ні ў каго не скралі, і шыкоўнага за чужы рахунак нічога не стварылі... Там давялі людзей да такога стану... некаторыя махнулі [рукой]: горш не будзе".
Лукашэнка: Майдану ў Беларусі не будзе (відэа)
Фота — УНІАН, відэа — АНТ