Лукашэнка: прызначыць Віктара прасілі заможныя прадстаўнікі замежных краін
Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт сумяшчэння старэйшым сынам Віктарам пасады памочніка кіраўніка дзяржавы па нацыянальнай бяспецы і першага віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта. У аўторак у Мінску на Алімпійскім сходзе Віктара Лукашэнку зацвердзілі на згаданай пасадзе ў НАК. З красавіка 2019-га ён выконваў абавязкі першага віцэ-прэзідэнта.
Каментуючы гэтае прызначэнне, Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яшчэ вагаецца наконт таго, ці будзе сын сумяшчаць пасады. "У яго і так пасада — дай Бог кожнаму, прыстойная — памочнік па нацыянальнай бяспецы", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. Ён прызнаўся, што з ініцыятывай прызначэння Віктара Лукашэнкі выступілі "многія", хто ведае яго і яго сям'ю, нейкія "прадстаўнікі, не бедныя, замежных дзяржаў".
"Я здаўся, — кажа Аляксандр Лукашэнка. — ...Ён працаваў памочнікам, таму што мне патрэбны быў вельмі цесны адкрыты канал сувязі паміж мной і сілавымі структурамі". Па словах беларускага кіраўніка, "гэтыя структуры вялікую ролю адыгрываюць у краіне і павінны быць пад кантролем прэзідэнта", каб "не дай Бог не адбылося, як у некаторых нашых суседзяў". Лукашэнка не шкадуе, што прызначыў памочнікам па нацбяспецы сына.
"Я ведаў, што адбываецца ў гэтых сілавых структурах, асабліва ў спецпадраздзяленнях (такіх як "Алмаз", "Альфа", АСАМ ([Асобная служба актыўных мерапрыемстваў] памежнае падраздзяленне), ГРУ Генштабу, — распавядае Аляксандр Лукашэнка ўдзельнікам Алімпійскага сходу. — На прамой сувязі з ім былі кіраўнікі".
Таму сыход Віктара Лукашэнкі з пасады памочніка па нацбяспецы быў бы, па словах Аляксандра Лукашэнкі, вялікай стратай для дзяржавы. "Я пакуль не бачу чалавека, які выконваў бы гэтыя абавязкі", — падкрэсліў кіраўнік Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.