Лукашэнка размаўляў з МВФ пра жыроўкі і пенсіі. Ніякіх дакументаў не падпісана

Лукашэнка размаўляў з МВФ пра жыроўкі і пенсіі. Ніякіх дакументаў не падпісана

16 сакавіка Лукашэнка сустракаецца з кіраўніком місіі Міжнароднага валютнага фонду па Беларусі Пітэрам Долманам. Сустрэчу ініцыюе беларускі бок. Лукашэнка адразу задае інтрыгу: маўляў, гэта не перамовы — проста яму трэба "абмеркаваць літаральна адно-два пытанні".

Крыніца, знаёмая з сітуацыяй, паведаміла Еўрарадыё, што Лукашэнка і прадстаўнікі МВФ "абмяркоўвалі ЖКГ і пенсіі". Ніякіх дакументаў па выніках падрыхтавана не было.

Чаго МВФ хоча ад Беларусі і на што мы ідзем?

Па ўмовах МВФ, да канца гэтага года субсідыі дзяржавы на камунальныя паслугі для беларусаў мусяць скараціцца да 25% ад іх кошту. Сёння насельніцтва пакрывае 72% ад сабекошту электраэнергіі і 17% ад кошту цеплавой энергіі. За ваду беларусы плацілі 64,4%.

Таксама ўлады рэалізуюць пенсійную рэформу: узрост, у якім беларусы атрымліваюць права сыходзіць на законны адпачынак, павялічваецца на паўгода за кожны год. То бок, Беларусь паступова ідзе да выканання ўмоваў, якія вылучае фонд.

Іншыя патрабаванні МВФ тычацца скарачэння долі дзяржавы ў эканоміцы і стварэння сістэмы адраснай сацыяльнай падтрымкі, якая дапаможа беларусам перажыць шокі рэформаў.

Што чуваць пра новы крэдыт?

Еўрарадыё стала вядома, што ў сустрэчах не ўдзельнічалі прадстаўнікі Нацбанка. Гэта практычна на 100% выключае магчымасць, што Лукашэнка абмяркоўваў з прадстаўнікамі МВФ наступны крэдыт для Беларусі. Такое абмеркаванне можа адбыцца падчас наступнага рэгулярнага візіту місіі МВФ у Мінск. Але ў беларускім прадстаўніцтве фонду пакуль не кажуць, калі ён адбудзецца.

На “фінішную прамую” ў перамовах па новай крэдытнай праграме з МВФ Беларусь выходзіць ужо трэці год. Наша краіна хоча атрымаць не менш за $3 млрд пад 2,28% гадавых на дзесяць гадоў. Але перамовы зацягваюцца, бо фонд вылучае жорсткія ўмовы, якім беларуская эканоміка пакуль што не адпавядае. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, МВФ прымушае яго "рэзаць па жывым".

Дырэктару даследчага цэнтра ІПМ Аляксандру Чубрыку складана сказаць, пра што Лукашэнка размаўляў з прадстаўнікамі МВФ. "На маю думку, ідзе справа да прыняцця прынцыповага рашэння. І, каб яго прыняць, кіраўніку дзяржавы трэба было нешта высветліць, расставіць нейкія кропкі над і", — кажа эксперт.

Актыўнасць па заходнім вектары

Эканаміст Леанід Заіка звяртае ўвагу на палітычнае вымярэнне "тэхнічнай" сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі Міжнароднага валютнага фонду:

"Не думаю, што гэта была стратэгічная важная сустрэча. Гаворка магла ісці пра ўдзел Беларусі ў рэгіянальных праектах. Магчыма, ён хацеў параіцца наконт крэдытаў, якіх Беларусь сумарна вінная каля $40 млрд. Магчыма, гаворка ішла пра пашырэнне прадстаўніцтва, бо МВФ прыбраў свайго краінавага прадстаўніка, — мяркуе эксперт. — Таксама карысна на фоне негатыўных адносінаў з Расіяй прадэманстраваць, што ёсць актыўнасць Беларусі па заходнім вектары. Без Макея гэта, вядома, не магло абысціся — ён фільтруе такія сустрэчы, сустрэчы фільтруе МЗС".

Такім чынам, у візіце прадстаўнікоў МВФ была пэўная прапагандысцкая неабходнасць. Што праўда, Леанід Фёдаравіч кажа, што фонд прынцыпова дыстанцуецца ад удзелу ў лакальных палітычных "разборках".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі