Лукашэнка рыхтуе нараду з сілавікамі
Рыхтуецца нарада кіраўніка Беларусі з сілавым блокам дзяржавы. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 лютага, прымаючы з дакладам генпракурора Аляксандра Канюка. Ён даручыў кіраўніку Генпракуратуры далучыцца да падрыхтоўкі гэтай нарады.
Чакаецца, што на нарадзе падвядуць вынікі працы ў 2018 годзе. "Пры гэтым я папрашу засяродзіцца не на дакладах аб нашых вялікіх дасягненнях (яны таксама ёсць, яны вядомыя), а на тых пытаннях, над якімі нам трэба будзе працаваць", — перадае прэс-служба словы Лукашэнка.
Ён заявіў, што на нарадзе трэба будзе калегіяльна прыняць рашэнне па надзённых праблемах. "А не так, як у міліцыі там хто-небудзь што-небудзь скажа — і пайшоў шум. Потым яшчэ хтосьці штосьці скажа... Трэба, каб была нейкая адзіная канцэпцыя ў нас. У тым ліку па выніках, пачынаючы ад войска і заканчваючы Следчым камітэтам", — патлумачыў кіраўнік Беларусі.