Лукашэнка збіраў чыноўнікаў, каб абмеркаваць санкцыі і шпіёнаў
Аляксандр Лукашэнка абмяркоўвае з чыноўнікамі, як жыць ва ўмовах санкцый / president.gov.by
Перспектывы беларускай прамысловасці з улікам заходніх санкцый 23 верасня абмяркоўвалі ў Аляксандра Лукашэнкі. З дакладам да яго прыйшлі міністр прамысловасці Пётр Пархомчык і профільны віцэ-прэм'ер Юрый Назараў. Падрабязнасці сустрэчы прыводзіць прэс-служба Лукашэнкі.
Санкцыі Аляксандр Лукашэнка назваў "бандыцкімі дзеяннямі" і папрасіў чыноўнікаў аб'ектыўна ацаніць працу прадпрыемстваў мінпрама. Ён запатрабаваў не дапусціць падзення вытворчасці: "Трэба ўтрымацца на гэтым узроўні, чаго б нам ні каштавала".
Паводле слоў Лукашэнкі, урад зрабіў шэраг крокаў па мінімізацыі наступстваў санкцый, але ёсць яшчэ адна праблема — шпіёны на прадпрыемствах. Ён заклікаў чыноўнікаў ўважліва паглядзець на супрацоўнікаў на месцах.
"У мяне ёсць інфармацыя, што мярзотнікаў некалькі там яшчэ дзе-нідзе засталося, і яны ставяць перад сабой мэту праінфармаваць калектыўны Захад аб тым, як Пархомчык з Назаравым спрабуюць абысці санкцыі. Шпіёняць фактычна і здаюць інфармацыю туды", — заявіў Лукашэнка.
Ён распавёў, што ў некалькіх шпіёнаў ўжо "выявілі" — яны "сядуць, і надоўга". Але знайшлі не ўсіх.
"Адзінкі, але яшчэ засталіся", — сказаў Лукашэнка і даручыў чыноўнікам звярнуць на гэтае пытанне "асаблівую ўвагу".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.