Лукашэнка: Талентам трэба плаціць і плаціць нямала
Беларускі лідар выказаўся пра ролю мастацтва ў сучасным свеце.
Цырымонія закрыцця фестывалю “Славянскі базар” адбылася ўвечары 13 ліпеня. Выступаючы на цырымоніі, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на гэты фестываль прыязджаюць “творчыя, ранімыя людзі, якія маюць патрэбу ў падтрымцы”.
“Таленавітыя людзі. Таленты трэба падтрымліваць і плаціць. І плаціць нямала, каб гэтыя таленты зіхацелі і нас радавалі”, — сказаў Лукашэнка.
Таксама беларускі лідар заявіў пра неабходнасць прасоўвання славянскай культуры і яе інтэграцыі ў сусветную прастору. “Калі мы не змагаемся за сваё месца пад сонцам, мы абавязкова яго згубім. Больш за тое, мы сутыкнемся з тымі канфліктамі, якія ўжо адбываюцца ў нас на зямлі”. Так, Лукашэнка мяркуе, што залішняя заспакоенасць прывяла да таго, што паўстала “пытанне абароны нашай перамогі” ў Вялікай Айчыннай вайне.
Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што “Славянскі базар” у Віцебску сёлета выйшаў амаль што на поўную самаакупальнасць і практычна не фінансаваўся з дзяржаўнага бюджэту. У сувязі з гэтым кіраўнік краіны падзякаваў “усім добрым людзям, мецэнатам, якія ўклалі сродкі ў гэтае прыўкраснае свята”, перадае БЕЛТА.