Лукашэнка: Я гаварыў Пуціну, што я за адзіную Украіну
Вядомая расійская тэлевядучая ўзяла інтэрв'ю ў кіраўніка Беларусі, якое сёння паказвае тэлеканал "Дождь".
"Данецкая і Луганская рэспубліка — гэта тэрарысты і сепаратысты?" — спытала Ксенія Сабчак. Лукашэнка сказаў, што такімі тэрмінамі ў гэтым выпадку не карыстаецца.
"Я вельмі добра ведаю, што адбываецца ва Украіне, нават лепш, чым у Расіі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у яго "ёсць некалькі чалавек, якія пастаянна тэлефануюць у Луганскую і Данецкую вобласці". Яны атрымліваюць інфармацыю пра тое, што адбываецца, у мясцовых людзей.
"Пакуль не будзе ва Украіне нацыянальнага лідара, там будзе бардак... Патрэбны чалавек, які прыйдзе, скажа, і пойдуць за ім усе. Лідара няма, і ў гэтым уся трагедыя", — сказаў кіраўнік Беларусі.
"Ці гаварылі вы Пуціну, што вы супраць федэралізацыі Украіны?" — спытала Сабчак. Лукашэнка пацвердзіў: "Так, гаварыў адкрыта пра тое, што за адзіную і цэласную Украіну".
Фота з сацыяльных сетак