Лукашэнка заяўляе, што парламент у Беларусі не палітызуецца
Падчас паездкі на Браслаўшчыну 4 жніўня Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра кампанію па выбарах у Палату прадстаўнікоў.
Кіраўнік Беларусі назваў самы вялікі плюс у дзейнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў: "Самае вялікая вартасць нашага парламента, што там працуюць прафесійна, спакойна, без ляманту, без крыкаў".
Лукашэнка параўнаў беларускіх дэпутатаў з іх калегамі ў іншых краінах. На яго думку, беларускіх парламентароў вызначае адсутнасць "палітызацыі". "Паглядзіце, што адбываецца вакол. То бойку ў парламенце задумалі, то мардабоем займаюцца, то палітызацыя нейкая, то нейкія алігархі свае групы пастваралі, хтосьці за грошы прыйшоў у парламент", — цытуе БЕЛТА словы беларускага кіраўніка. Таксама ён падкрэсліў, што багатыя людзі не змогуць прапхнуць сваіх людзей у беларускі парламент.
На думку Лукашэнкі, выбарная кампанія ў Беларусі ідзе спакойна. Ён назваў добрым паказчыкам тое, што на адно дэпутацкае крэсла прэтэндуе больш за шэсць чалавек.