Лукашэнку не спадабалася, што на Аршанскім ільнокамбінаце шумна і пыльна
Кіраўнік Беларусі наведаў ільнопрадпрыемствы ў Аршанскім раёне Віцебшчыны.
Ён заявіў, што трэба адрадзіць ранейшую славу беларускага лёну, перадае БЕЛТА: "Мы ўмеем працаваць з лёнам, вырабляць з яго тканіны, і страціць гэтую школу нельга, мы проста не маем на гэта права".
На Арэхаўскім ільнозаводзе кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам рэканструкцыі і мадэрнізацыі.
На Аршанскім ільнокамбінаце гаворка ішла аб рэканструкцыі, тэхнічным пераўзбраенні і павышэнні эфектыўнасці працы прадпрыемства. Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржкантролю вывучыць, ці ўсё зроблена на прадпрыемстве для паляпшэння ўмоваў працы людзей. Кіраўніку Беларусі здалося, што на камбінаце ўсё яшчэ вельмі шумна і вельмі пыльна. "Калі вы не дасягнулі тут сусветнага ўзроўню умоў працы людзей, мала камусьці не падасца", — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым ён дадаў, што новая мадэрнізацыя прадпрыемства — справа вельмі затратная — на яе спатрэбіцца ад 70 да 100 млн долараў. "Уклаўшы 70 млн долараў, я хацеў бы атрымаць, як і любы інвестар, потым 200 млн долараў. Калі такі выхад будзе і за які прамежак часу, паглядзім і будзем прымаць рашэнні", — адзначыў Лукашэнка.
Фота — БЕЛТА