Лябедзьку аштрафавалі за збор подпісаў за адмену аўтапошліны (відэа)
Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі мусіць заплаціць 5 мільёнаў 850 тысяч рублёў (больш за 600 долараў).
Такое рашэнне 14 студзеня прыняў Савецкі суд Мінска. Анатоля Лябедзьку прызналі вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавых акцый. Сведкам у судзе выступаў начальнік апорнага пункта міліцыі ў завулку Якуба Коласа Кісель (на здымку знізу). Дарэчы, высветлілася, што ў пратаколе сярод удзельнікаў збору подпісаў быў названы апазіцыйны дзяяч Сяргей Калякін, але насамрэч яго там не было. Паводле сведкі, гэта — "кампутарная памылка", інфармуе Радыё Свабода.
Нагадаем, 5 студзеня Анатоль Лябедзька і сустаршыня кампаніі “За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка збіралі ў цэнтры Мінска подпісы за адмену ў нашай краіне аўтапошліны, якую ўвялі ў 2014 годзе. Пратакол на Лябедзьку склалі толькі 12 студзеня, калі затрымалі на выхадзе з дома. Па словах палітыка, яго 7 гадзінаў трымалі ў міліцыі, а пасля вазілі да Курапатаў.
Фота — svaboda.org