Людзі на балоце. "Людзі на балоце"

liudzi_na_balocie_pad_czornym_sciaham.mp3

Апошнім часам вынайсці музычны ровар робіцца ўсё складаней. Але ў гарадзенскіх “Людзей на балоце” гэта атрымалася. Яны ўзяліся за “тачанкі, шаблі і зброю” і ўзгадалі гісторыю антыбальшавіцкага супраціву. Прычым зрабілі гэта даволі стыльна.

liudzi_na_balocie_malitva_zhanczyny.mp3

Альбом “Людзі на балоце” падобны да кіно. Слухаючы песні, так і ўяўляеш партызан, што збіраюцца на вайну, чуеш “Малітву жанчыны” і мудрыя словы маці, перажываеш бойку з чэкістамі. І на нейкім падсвядомым узроўні пражываеш разам з героямі песень падзеі тых гадоў. Прычым “Людзі на балоце” — гэта героі без пафасу, звычайныя людзі, “апошнія рамантыкі ў пратухлай рыгоце”.

liudzi_na_balocie_liudzi_na_balocie.mp3

Мелодыі песень “Людзей на балоце” набліжаныя да фальклорных. Даволі трапна тут выглядаюць характэрныя для беларускіх песень паўторы кшталту “ой, люлі-лю”. Дзякуючы ім творы “Людзей на балоце” хутка запамінаюцца і ў будучыні могуць існаваць у адрыве ад альбома. Каляфальклорныя мелодыі падтрымліваюцца слушным акампанементам. Гітара, скрыпка, флейта ды акардэон пасуюць песням, якія насамрэч маглі б гучаць у цёмных беларускіх лясах, дзе хаваліся партызаны.

liudzi_na_balocie_pojdziem_chlopcy_na_vajnu.mp3

Дэбютная праца гарадзенцаў у нечым перасякаецца з нашым “Народным альбомам” і з тым, што робіць польскі праект “R.U.T.A.”. Толькі ў  “Народным альбоме” падзеі адбываюцца крыху пазней, а яго аўтары не без іроніі ўспамінаюць герояў тых часоў. “R.U.T.A.” ж займаецца рэканструкцыяй песень прыгнёту Польшчы і суседзяў, ствараючы дзіўныя эклектычныя палотны. У “Людзей на болоце” усё больш проста.

liudzi_na_balocie_partyzan.mp3

Заснавальнік “Людзей на балоце” і аўтар песень альбома Алесь Дзянісаў не надта задаволены тым, што атрымалася: маўляў, можа быць і лепш. Але, кажа музыка, ад сваіх песень ён не адмаўляецца — яны зробленыя шчыра, ад душы. Альбом сапраўды прасякнуты шчырасцю, і гэтым ён таксама падкупляе. Адзінае, хацелася б, каб наступным разам музыкі больш пільна і ўважліва ставіліся да запісу матэрыялу. Бо як ні круці, у наш час не заўсёды дакладнае інтаніраванне выглядае некалькі недаравальна… Апошняя песня дыску “Людзі на балоце” “Прыйдзе вясна!” — вяртае слухача ў сённяшні дзень і агаляе праблемы, актуальныя і цяпер… Добрая праца. Чакаем наступную!

liudzi_na_balocie_pryjdzie_viasna.mp3

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі