Макей: Ёсць праблемы з прасоўваннем некаторых нашых тавараў на замежныя рынкі
Беларусь мае праблемы з прасоўваннем некаторых відаў беларускай прадукцыі на знешніх рынках. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей 11 ліпеня на штогадовым семінары кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў Беларусі.
Па яго словах, мінулы год “быў напружаным, але ў той жа час выніковым”.
“Нам удалося рэалізаваць задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы ў знешняй палітыцы. На жаль, у знешнеэканамічнай дзейнасці вынік апынуўся меней пазітыўным, хоць па гэтым напрамку маюцца пэўныя зачыны”.
Паводле яго словаў, пытанне прасоўвання беларускай прадукцыі на знешнія рынкі таксама будзе абмяркоўвацца падчас семінара.
"Давайце паспрабуем зірнуць на сітуацыю па-новаму, пераасэнсаваць і разам выпрацаваць новы рэцэпт павышэння ўстойлівасці нашых пазіцый на традыцыйных рынках і асваення новых”, - сказаў кіраўнік МЗС. Ён таксама падкрэсліў, што асобная ўвага будзе надавацца прыцягненню інвестыцыяў, паляпшэнню якасці і эфектыўнасці асваення сродкаў.
Па словах Макея, падчас семінару таксама запланаваныя сустрэчы дыпламатаў з прадстаўнікамі рэгіёнаў, паведамляе БелаПАН.