Манетызацыя Майдана: хто і як зарабляе на рэвалюцыі
Гандляр атрыбутыкай на Хрышчаціку: “У сярэднім зарабляю каля тысячы грывен “бруднымі” у дзень”.
“Шалікі па 60 грывен. Альбо ёсць вось па сто грывен некаторыя. Сцяжкі па сорак грывен, гэтыя вось маленечкія па пяць, стужачкі… Вось заплечнічак ёсць. Вось сцяг 2,5 на 1,5 метра… А вось сцяжок ЕС, ён пяць грывен каштуе”, — пералічвае свой небагаты асартымент кіеўлянін Віктар.
Ён стаіць перад невялікім столікам проста пасярод Хрышчаціка, на століку — увесь жоўта-блакітны тавар. Такія, як Віктар, на апанаванай рэвалюцыянерамі вуліцы — праз кожныя 20-30 метраў: чым бліжэй да Майдана, тым часцей.
Падчас свайго першага прыезду ў Кіеў, дзесяць дзён таму, я зусім не бачыў гандляроў атрыбутыкай. Тады сцяжкі, стужачкі і значкі раздавалі бясплатна перад сцэнай. Цяпер таксама раздаюць, але няшмат. Попыт хутка нарадзіў прапанову. Віктар гаворыць, што напачатку (а гандляваць пачаў тыдзень таму) зарабляў даволі добра, а зараз прыбытак знізіўся. У лепшым выпадку можна нагандляваць каля тысячы грывен за дзень “бруднымі”. Гэта прыкладна 120 долараў.
“Каля дзесяці сцягоў у дзень я прадаю, не больш. Вялікая канкурэнцыя пачалася, а я ж прыватны прадпрымальнік. Тут вельмі вялікая канкурэнцыя — нехта мае шмат кропак, прадаўцоў. Таму мільёны я тут не зараблю. Гандлюю тыдзень атрыбутыкай рэвалюцыйнай, раней проста на Майдане розным гандляваў”.
Мужчына скардзіцца, што ідэю з гандлем рэвалюцыйнай атрыбутыкай вельмі хутка падхапіў “нехта няпросты” і наставіў сваіх кропак вакол Майдана. “Можаце запытаць у гандляроў, хто іх тут паставіў. Але яны вам не скажуць, яны не я — людзі паднявольныя”, — гаворыць мне Віктар і пераключаецца на пакупніка: той хоча набыць вялікі анархісцкі чорна-чырвоны “прапор”. Размова з іншымі гандлярамі рэвалюцыйнай атрыбутыкай насамрэч не клеіцца. Не дапамагае нават верны прыём — у прывабнай дзяўчыны набываю сабе жоўта-блакітную стужку з зорачкамі сцяга ЕС, магніцік з фота штурму адміністрацыі Януковіча бульдозерам, ды спрабую хоць нешта выведаць. Але яна толькі ўсміхаецца і зацята маўчыць.
Не маўчыць яе суседка. Але шалікі з сімволікай Еўрасаюза, якімі жанчына багата абвешаная, мала ўплываюць на яе светапогляд. Гандлярка аказваецца… зацятай “лукашысткай” і называе мяне “груганом”, які “прыехаў нажыцца на нашым бардаку”. Развітваецца са мной здзекліва-фамільярна: “Пакуль, пакуль, зайчык”.
Зарабляюць на Майдане не толькі на гандлі сцягамі і магніцікамі. З тыдзень таму ўладальнікі невялічкіх аўто, з якіх проста на ходніках раздавалі каву і гарбату, перасталі рабіць гэта бясплатна. І зараз кава ў іх каштуе як у нядрэннай кавярні — па 10-14 грывен. І чэргі з жадаючых пагрэцца добрым напоем не знікаюць.
Выраслі прыбыткі і ва ўладальнікаў бараў ды кавярняў, размешчаных у ваколіцах Майдана. “Наш залаты час”, — чую ад бармэна аднаго з “Портар-пабаў” у цэнтры Кіева. Яго можна зразумець. Адным з вечароў назіраю сцэнку ў гэтым жа бары: за столікам сустракаецца кампанія з прыхільнікаў і праціўнікаў Майдана. Пасля непрацяглай спрэчкі справа даходзіць да невялікага рукапрыкладства, але ў якасці кампенсацыі бармэн атрымлівае стос дваццатак звыш рахунку. Гавораць, частая з’ява.
Ці можна нажыцца на Майдане? Гандляр Віктар гаворыць, што не, што гэта, хутчэй, выпадковая падпрацоўка.
“Гандлююць тут шмат, і ходзяць па натоўпе прадаюць з рук… Але я б не сказаў, што на гэтым можна нажыцца. У некага проста няма працы. Чалавек можа хоць заробіць 100-200 грывен у дзень (каля 30 долараў - Еўрарадыё). Не такія гэта і вялікія грошы, паспрабуйце пражыць у Кіеве”.
Грошы насамрэч невялікія — сярэдні штодзённы кіеўскі заробак. Але цікавая сама з’ява манетызацыі пратэстаў. У пачатку снежня нечага падобнага я зусім не заўважыў. Зараз жа колькасць жадаючых падзарабіць на гэтым ўсеўкраінскім карнавале штодня павялічваецца. Пакуль палітыкі абодвух лагераў думаюць, што ж ім рабіць з Майданам, людзі вырашылі займець з яго хоць невялікі, але прыбытак.