"Машына львоўскіх валанцёраў падарвалася на фугасе — усе загінулі"

Цалкам размову з Андрэем Стрыжакам можна паслухаць:

Еўрарадыё: Здзіўляюцца ўкраінцы, калі даведваюцца, што дапамогу ім прывёз валанцёр-беларус? Ты, відаць, такі адзіны…

Андрэй Стрыжак: Далёка не адзіны. Проста, іншыя па розных прычынах не афішуюць сваю дзейнасць. Я і так чалавек публічны, і лічу, што даваць такую інфармацыю трэба: можа, нехта хоча дапамагчы, а не ведае як і праз каго. У АТА я заўжды акцэнтую, што сродкі былі сабраныя беларусамі, а ў якасці пацверджання дару медыкам бляшанкі рагачоўскай ці глыбоцкай “згушчонкі”, а дзецям — беларускія цукеркі. Рэакцыя заўжды пазітыўная — ва Украіне заўжды вельмі добра ставіліся да беларусаў. Дарэчы, перад сваім ад’ездам я казаў, што будзе арганізаваны гуманітарны маршрут Мінск-АТА і па сваім вяртанні я абавязкова дараблю усе лагістычныя моманты. Размова ідзе пра тое, што калі нехта хоча аказаць дапамогу цёплымі рэчамі, то гэта можна бузе зрабіць у Мінску, і ўсё будзе дастаўленае праз Гомель і Чарнігаў менавіта ў зону АТА.

              "Беларускі пачастунак" едзе ў АТА

Еўрарадыё: Прайшло ўсяго некалькі тыдняў пасля тваёй першай валанцёрскай паездкі ў зону АТА і ты зноў там — уцягнуўся ў гэтую справу, адчуў патрэбу людзей у вашай дапамозе ці што гэта?

Андрэй Стрыжак: У графіку паездак я арыентуюся на хуткасць працы ўкраінскіх валанцёраў, разам з якім я еду, і на тое, як спрацавалі людзі, якія дапамагалі мне ў зборы сродкаў. Была сабраная дастатковая сума для таго, каб ехаць. Бо грошы пераводзяцца ў груз, а груз — гэта пэўныя лагістычныя схемы. Калі груз трэба перавезці, а перавезці мы можам нейкія абмежаваныя аб’ёмы. Да ўсяго, вы ж разумееце, то курс грыўны пастаянна падае, і сабраныя грошы валанцёры вымушаныя як мага хутчэй пераводзіць у лекі, альбо ў іншыя, неабходныя ў зоне АТА рэчы. І захоўваць гэта ў сваіх кватэрах, якія ўжо больш падобныя на склады. Вось, каб разгрузіць кватэры нашых украінскіх дзяўчат-валанцёрак, было прынятае рашэнне, ехаць праз тры тыдні. Акурат, дзяўчаты сабралі грошы і набылі новы джып для войска і трэба было яго пераганяць вайскоўцам. Таму, я не тое, каб уцягнуўся ў гэты працэс, у такім рытме працуюць украінскія валанцёры.

Украінскі валанцёр Аляксандра Алёхіна, беларусы Андрэй Стрыжак і Вадзім Заміроўскі

Еўрарадыё: Шмат хто з беларусаў кажа, што гэта “не наша вайна і няма чаго там рабіць беларусам”…

Андрэй Стрыжак: Мне цікава паглядзець на такіх людзей, калі ў суседа загарыцца хата, яны таксама будуць казаць, што гэта “не іх справа” ці схопяць вядро і пабягуць дапамагаць суседу гасіць пажар. Гэтая паралель мне падаецца вельмі дарэчнай: мы жывём у адным рэгіёне і ўсё вельмі завязанае. З-за вайны ва Украіне абваліліся кошты на нафту і расійскі рубель, а следам за ім і рубель беларускі. Для мяне нават пытанне не паўстала: “Дапамагаць ці не?” — я чалавек актыўны і пастаянна ў дарозе, ва Украіне ў мяне шмат сяброў, якія цяпер і ў войску, і сярод валанцёраў, мае сваякі жывуць ва Украіне і па крыві я на траціну ўкраінец. У экстрэмальных сітуацыях кожны вырашае для сябе, што рабіць, але для мяне ад пачатку пытанне такога не стаяла.

Еўрарадыё: Сабраў грошы, набыў на іх неабходныя медыкаменты, загрузіў у машыну да украінскіх валанцёраў і паехаў дамоў, і сам небяспекі пазбегнуў, і месца ў невялікім аўто для грузу вызваліў…

Андрэй Стрыжак: На самой справе, акрамя маленькай, але гераічнай машынкі Вольгі Гальчанкі, груз перавозіць цэлы валанцёрскі канвой: і некалькі грузапасажырскіх бусаў, і джып, які пераганялі на фронт. Я не сяджу непатрэбным грузам у машыне: у мяне функцыі штурмана, пракладка маршруту трасы. Ну, і тэхнічная дапамога: літаральна ўчора (размова адбывалася 23 лютага, — Еўрарадыё) мы на адной з ямін прабілі задняе кола, і калі б у машыне не было хлопцаў, то дзяўчатам было б вельмі складана вырашаць гэтае пытанне — здарылася ўсё гэта на пустой трасе паміж населенымі пунктамі. Да ўсяго, нельга сказаць, што прыфрантавыя дарогі такія ўжо спакойныя. Калі ж едзе большая колькасць людзей, то ўсім спакайней.

Але ў мяне ёсць і яшчэ адна матывацыя для паездак: калі беларусы перадаюць грошы на медыкаменты ці дапамогу дзецям, эвакуяваным з зоны АТА, то разам з грашыма яны перадаюць сваю пазітыўную энергетыку. Перадаючы прывезеныя рэчы, я нібыта дзялюся гэтай энергетыкай беларусаў.

Еўрарадыё: Была інфармацыя, што доступ у зоны АТА будзе жорстка абмяжоўвацца, вы гэта адчулі?

Андрэй Стрыжак: Ёсць афіцыйная пазіцыя дзяржавы на гэты конт і ёсць рэчаіснасць. Розныя правілы наконт памежных зон уводзяцца, але калі мы едзем, то гэта не надта адчуваецца. Вядома, спыняюць на блок-постах і правяраюць, але калі бачаць, што едуць валанцёры, то нас не толькі спакойна прапускаюць, але і вітаюць. Па другое, у дзяўчат з нашай украінскай часткі каманды ёсць прамы выхад на вайсковых камандзіраў. У прыфрантавой зоне сістэма пропуску працуе крыху інакш: там пасля 20 гадзін без пароля праз блок-пост не прапусцяць, і таму мы на гэта арыентуемся. Але калі пытанні ўзнікаюць, то іх вырашае адзін званок камандзіру часткі, у якую мы вязём дапамогу.

Еўрарадыё: Валанцёр Юрый Касьянаў ў інтэрв’ю Еўрарадыё казаў, што на валанцёраў, асабліва ў прыфрантавой зоне, вядуць сапраўднае паляванне дыверсійныя групы сепаратыстаў. Не баяліся трапіць пад іх увагу?

Андрэй Стрыжак: Ёсць такая праблема. У той вечар, калі мы заехалі ў зону АТА, на дарозе Арцёмаўск-Дэбальцава на фугасе падарвалася машына валанцёраў са Львова. Тры чалавека загінулі. Таму рызыка, безумоўна, ёсць, але яна асэнсаваная. Задача валанцёра не толькі ў тым, каб перадаць груз па адрасе, але і вярнуцца жывым. Таму, калі б месца, куды мы едзем, было пад абстрэлам, то мы б туды не паехалі, а выклікалі прадстаўніка вайскоўцаў у бяспечную зону. Ну, і ёсць пэўныя правілы, якіх абавязкова неабходна прытрымлівацца: не спыняцца ў месцах, якія могуць прастрэльвацца артылерыяй ці дыверсійнымі групамі. Трэба сачыць, хто за табой едзе і хто цябе абганяе, ці не паўтараюцца машыны. Ёсць рэкамендацыя валанцёрам — ездзіць у складзе вайсковых калон, але мы стараемся трымацца ад іх як мага далей. Першае, яны хутчэй стануць аб’ектам абстрэлу — гэта выдатная мішэнь. Другое, часам за рулём сядзяць людзі, якія на грузавіках ніколі не ездзілі, і есць вялікая небяспека элементарнай аварыі.

Еўрарадыё: Што было самае страшнае падчас гэтых паездак?

Андрэй Стрыжак: Складана сказаць… Ты едзеш туды, дзе ідзе вайна, і ты можаш быць забяспечаны ўсім, сядзець у танку, але калі прыляціць снарад, то нішто не ўратуе. Але з часам да гэтага разумення прызвычайваешся і не звяртаеш на гэты страх увагі. Мы і ў другі раз ехалі ў тое ж месца — у Курахава. Калі мы там былі ўпершыню, гэта было спакойнае месца, але праз дзень пасля нашага ад’езду туды пачалі прылятаць “грады”. І цяпер я разумеў: мы прыязджаем у горад, які жыве сваім жыццём, але ў які ў любы момант можа нешта прыляцець адтуль. Тэарэтычна ты ведаеш, што трэба рабіць у выпадку абстрэлу, але ніколі не ведаеш, як на самой справе адрэагуе ў такой сітуацыі твой арганізм, як будуць рэагаваць твае калегі. Ёсць верагоднасць, што павядзеш сябе неадэкватна. І гэта няведанне з’яўляецца стрэсавым фактарам. Але ёсць і смешныя выпадкі. Калі мы ў аптэцы набывалі лекі, то дзяўчына-аптэкарша адразу здагадалася, навошта нам столькі і менавіта гэтых лекаў і цікавіцца: “Хто павязе ўсё гэта ў АТА?” — “Мы і павязём”, адказваем. На нас паглядзелі, як на смертнікаў, якіх больш ужо ніколі ў гэтым жыцці ўбачыць не ўдасца…

                    Курахіна пасля абстрэла "Градамі"

Еўрарадыё: Падчас Майдана быў вельмі распаўсюджаны “палітычны турызм” — мала хто з беларускіх палітыкаў не сфоткаўся на фоне барыкад, цяпер яны нейкім валанцёрскім чынам дапамагаюць Украіне?

Андрэй Стрыжак: Вайна, усё ж, больш выразнае супрацьстаянне, падчас якога гінуць людзі, а Майдан да пэўнага моманту быў абсалютна мірнай акцыяй пратэсту. І паездкай на той мірны Майдан палітык мог сабе палітычных ачкоў зарабіць. Цяпер жа і ва ўкраінскім грамадстве няма аднолькавага стаўлення да падзей на Данбасе, а што казаць пра тое, як гэта выглядае з-за мяжы. Шэраг нават тых беларусаў, якія выступаюць супраць Лукашэнкі, не падтрымліваюць дзеянняў кіеўскай улады на ўсходзе краіны, а што казаць пра беларусаў! Адпаведна, на паездцы ў зону АТА зарабіць палітычны капітал наўрад ці ўдасца. Рэйтынг беларускага апазіцыйнага лідара, які і так вымяраецца адным-двума адсоткамі, можа яшчэ больш абваліцца з-за гэтага. Але калі ў спадара Лябедзькі ці спадара Янукевіча ёсць медыцынская кампетэнцыя, то я б іх з здавальненне пабачыў побач з сабой у такой паездцы — у нашай групе ніякіх здарэнняў не адбывалася, але з медыкам ехаць спакайней. Гэта быў жарт, але калі сур’ёзна, то я б задавальненнем прыняў дапамогу у фармаванні наступнага "канвою", які паедзе ў зону АТА праз тыдні тры. Магчыма, палітычныя структуры аказваюць дапамогу па якіх іншых каналах, але канкрэтна нашай ініцыятыве дапамогі з іх боку не было.

Еўрарадыё: Пасля першай паездкі айчынныя спецслужбы не выказалі да цябе цікаўнасць?

Андрэй Стрыжак: Не. Але калі яны захочуць нешта ў мяне запытацца, то толькі праз афіцыйны выклік позвай. Без позвы я туды ніколі не хаджу — гэта і грамадзянская пазіцыя, і так па законе павінна быць. Я не баюся ніякіх пытанняў, бо ў тым, што раблю няма ніякага крыміналу. Грошы, якія мы збіраем, ідуць выключна на набыццё медыкаментаў і дапамогу эвакуяваным з зоны АТА. Ці дзіцячым дамам, якія да гэтага часу не эвакуяваныя з зоны баявых дзеянняў. Наступным разам мы хочам завезці ў адзін з вайсковых шпіталяў, дзе лечацца не толькі параненыя вайскоўцы і цывільныя, але і захопленыя ў палон сепаратысты, машыну для вывазу параненых. Гэта рэальная магчымасць паўдзельнічаць у выратаванні жыццяў мноства людзей, бо часта ад хуткасці дастаўкі параненага з перадавой у шпіталь залежыць жыццё. А машыны такія на фронце вельмі часта ламаюцца.

Еўрарадыё: Колькі грошай сабралі беларусы за тры тыдні? Такая машына — справа не танная, а таму, наколькі верагодна сабраць патрэбную суму?

Андрэй Стрыжак: Агулам, было сабрана больш за 1500 долараў. Кошт патрэбнай нам машыны не перавышае 4-5 тысяч долараў. Да прыкладу, джып, якія мы цяпер пераганялі на фронт, каштаваў 3 тысячы долараў. Чаму так танна? Яны прыходзяць з Брытаніі, яны, вядома, не новыя і ў іх правабаковы руль, што зніжае іх кошт. Яшчэ: у іх вельмі вялікі аб’ём рухавіка, і яны не вельмі сёння катуюцца на рынку. Машыны “шаманяцца” мясцовымі аўтаслесарамі і цалкам гатовыя ехаць на фронт. Да ўсяго, гэтыя машыны не праходзяць растаможку. Таму, сума гэтая мне падаецца рэальнай. Да ўсяго, размова не ідзе пра прафесійны рэанімабіль — гэта будзе бус, даведзены да розуму такім чынам, каб там сталі некалькі насілак для вывазу параненых і было месца для медперсаналу. Вы б бачылі, на якіх машынах цяпер вымушаныя ездзіць украінскія медыкі на перадавую!

   Джып, набыты на сабраныя валанцёрам Вольгай Гальчанка грошы для АТА

Фота з архіва Вольгі Гальчанкі, Аляксандры Алёхінай, Вадзіма Заміроўскага, Андрэя Стрыжака

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі