Меншая з бед: стаўка рэфінансавання захаваецца на ўзроўні 7,75%

Нацбанк / БЕЛТА
Нацбанк / БЕЛТА

Стаўка рэфінансавання захаваецца на ўзроўні 7,75% гадавых. Такое рашэнне прынята праўленнем Нацыянальнага банка па выніках дадатковага пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы 14 кастрычніка 2020 года.

Мы даведаліся, наколькі важнае такое рашэнне і ці ёсць у Нацбанка інструменты для паляпшэння сітуацыі на грашовым рынку.
 

Стаўка рэфінансавання страціла сваю ролю

Па словах акадэмічнага дырэктара Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярыны Барнуковай, цяпер стаўка рэфінансавання мала на што ўплывае.

— У прыватнасці, гэта стаўка, па якой банкі могуць атрымаць грошы ў Нацыянальнага банка. Цяпер Нацбанк перастаў выдаваць ліквіднасць банкам. Значыць, стаўка рэфінансавання страціла істотную частку свайго значэння.

Цана грошай для банкаў усё роўна значна вышэйшая, чым па стаўцы рэфінансавання. Цяпер яны могуць атрымаць сродкі на аўкцыёнах Нацбанка і на міжбанкаўскім рынку.

— У апошнія дні стаўка на міжбанкаўскім рынку вагаецца каля 13-15% гадавых. Дарагія рэсурсы для банкаў адлюстроўваюцца ва ўзрослых стаўках па дэпазітах і самае галоўнае — у згортванні крэдытавання.

Ва ўмовах, калі новых крэдытаў практычна няма, стаўка рэфінансавання важная для тых, хто раней узяў крэдыт на ўмовах прывязкі адсоткаў да стаўкі рэфінансавання. Для іх сумы выплат не змяніліся.
 

Нацбанк паміж двух агнёў

Калі глядзець на дынаміку ВУП, эканоміка па-ранейшаму знаходзіцца ў рэцэсіі. У стандартнай сітуацыі гэта патрабуе зніжэння ставак для прапанавання манетарных стымулаў, але мы гэтага сабе дазволіць не можам, адзначае старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.

— З іншага боку, сітуацыя на крэдытна-дэпазітным і валютным рынку патрабуе павышэння прывабнасці рубля, каб супакоіць інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканні. З гэтай пазіцыі можна весці гаворку пра павелічэнне стаўкі рэфінансавання.
 

Стаўка не вырашыць палітычных праблем

На думку эксперта, у Нацбанку разумеюць, што прырода інфляцыйных чаканняў і дрэнных тэндэнцый на грашовым рынку не столькі эканамічная, колькі палітычная.

— Уздзеяннем стаўкі гэтага не змяніць, таму Нацбанк лічыць за лепшае ўздзейнічаць на негатыўныя тэндэнцыі зацісканнем ліквіднасці банкаў, — кажа Дзмітрый Крук. — І вось Нацбанк паміж двух агнёў, таму яго рашэнне па стаўцы адносна лагічнае. Для ўсёй эканомікі яго спрыяльным назваць нельга, але і нешта лепшае тут прыдумаць складана, паколькі многія праблемы сістэмы і ўзмоцнены палітычнымі пытаннямі.

Такую палітыку эксперт называе "працай у межах сваёй кампетэнцыі, як Нацбанк яе вызначае".

— А далей іх логіка, напэўна, заключаецца ў тым, што яны не маюць дастаткова інструментаў для таго, каб уздзейнічаць на сітуацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі