Меркель, Аланд і Пуцін размаўляюць сам-насам
Лідары Нямеччыны, Францыі і Расіі пачалі сустрэчу ў Маскве па вырашэнні канфлікту ва Украіне.
Перамовы канцлера Нямеччыны Ангелы Меркель, французскага прэзідэнта Франсуа Аланда і расійскага лідара Уладзіміра Пуціна праходзяць у фармаце “сам-насам”, без удзелу чальцоў дэлегацый і якіхсьці экспертаў”, паведамляе ВВС са спасылкай на прэс-службу Крамля.
У чацвер Меркель і Аланд сустракаліся з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам ў Кіеве. Як паведамлялася, яны размаўлялі пра ўрэгуляванне канфлікту на Данбасе на падставе Мінскіх дамоўленасцей аб перамір’і.
Парашэнка заклікаў еўрапейскіх лідараў садзейнічаць вызваленню ўкраінскага пілота, дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны Надзеі Саўчанкі. Як вядома, яна была вывезена з Украіны расійскімі спецслужбамі і знаходзіцца ў зняволенні ў Маскве, яе падазраюць у дачыненні да гібелі расійскіх журналістаў. Саўчанка працяглы час трымае галадоўку і знаходзіцца ў цяжкім стане.
Фота: ria.ru