Меркель заявіла, што ЕС не можа разлічваць на ваенную абарону ЗША
Еўрасаюз не можа надалей разлічваць на ваенную абарону з боку ЗША. Такую заяву канцлера Германіі Ангелы Меркель на сустрэчы з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам у нямецкім Ахене абнародаваў Bloomberg. Як адзначыла кіраўніца Германіі, еўрапейскія краіны мусяць клапаціцца пра сваю абарону самі.
Меркель падкрэсліла, што "на парозе Еўропы" адбываюцца буйныя глабальныя канфлікты. Між тым краіны Еўрасаюза маюць невялікі прагрэс у галіне ваеннага супрацоўніцтва і іх ваенны саюз знаходзіцца "ў зачаткавым стане", перадае РБК. Меркель таксама выказала заклапочанасць з нагоды патэнцыйнага ваеннага канфлікту паміж Ізраілем і Іранам.
У снежні 2017 года лідары ЕС ухвалілі стварэнне агульнаеўрапейскай сістэмы бяспекі — так званага пастаяннага структураванага супрацоўніцтва (PESCO). Праект рыхтаваўся каля года і павінен стаць платформай узаемадзеяння краін ЕС у сферы абароны і бяспекі. Брусель разглядае яго як важны крок перад стварэннем войска ЕС.