Міхалок пакрыўдзіўся на Матольку за допіс, які зрабіла Бонд

Міхалок пакрыўдзіўся на Матольку за допіс, які зрабіла Бонд

Лідар гурта Brutto Сяргей Міхалок пераблытаў блогера Антона Матольку з тэлевядоўцай Ганнай Бонд і пачаў публічна адказваць Матольку на крытыку, якой насамрэч не было. Гэты кур’ёзны выпадак адбыўся 8 ліпеня падчас акустычнага канцэрту Brutto на хутары Шаблі.

Міхалок вырашыў са сцэны адказаць на крытыку ў сацыяльных сетках наконт яго ўдзелу ў рэкламе авіякампаніі “Белавія”, дзе спявак чытае верш Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”.

“У мяне ёсць сястрычка Волька, а ўчора я даведаўся, што ёсць нейкі Матолька”, — сказаў Міхалок.

Міхалок рэзка адхіліў абвінавачванні ў “калабарацыі”, якія нібыта выставіў яму папулярны блогер. Музыка сказаў пра неабходнасць жыць жыццём сваёй краіны, быць пазітыўным, заявіў, што хоча, каб беларускя мова і беларушчына асацыяваліся з сілай, а не слабасцю. Міхалок таксама асудзіў людзей, якія займаюцца крытыканствам з нагодай і без нагоды. Вечны хайп адцягвае ад праўдзівага жыцця, такую думку правёў Міхалок.

Тым часам Антон Матолька здзіўлены заявамі Міхалка, бо не толькі не выступаў з крытыкай яго ўдзелу ў рэкламе “Белавія”, але і ўвогуле не бачыў таго роліка.

Раніцай прадзюсар Brutto Антон Азізбекян ужо заявіў у сацыяльных сетках, быццам Міхалок пераблытаў Матольку з Ганнай Бонд. Тэлевядоўца пакінула на сваёй старонцы ў Фэйсбуку іранічны допіс: “Сістэма ламае нават Міхалка!”. Пры гэтым яна не пісала канкрэтна пра рэкламу "Белавія". У каментарах да гэтага допісу адзначыўся яшчэ адзін “брутавец” — спартсмен і музыка Віталь Гуркоў. Ён увязаўся ў палеміку з Бонд.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі