Станік “Мілавіцы” ў фірмовай краме каштуе ўдвая даражэй, чым у звычайнай (фота)
Пра неверагодны цуд айчыннага маркетынгу ў рэдакцыі Еўрарадыё расказала адна з пакупніц. Маўляў, цэны на некаторую бялізну "Мілавіцы" ў яе фірмовых крамах амаль удвая большыя, чым у звычайных. Паверыць было цяжка, але ўсё аказалася праўдай. Аднолькавыя станікі калекцыі 2014 года каштуюць зусім па-рознаму.
Напрыклад, адзін са станікаў у фірмовай краме "Мілавіцы", што насупраць чыгуначнага вакзала, каштуе 822 тысячы. Зусім непадалёк, у краме "Дэзіра", дакладна такі ж можна набыць ужо за 452 тысячы, але цяпер дзейнічае зніжка, таму прадаюць бялізну за 384 тысячы.
"Як так можна? Атрымліваецца, яны проста ўзялі і паднялі цэны на рэчы са старых калекцый, зраўнялі іх з цэнамі на новыя. А чаму? Яны ж у 2014 годзе яшчэ па старых цэнах набывалі і сыравіну, і супрацоўнікам плацілі. А тут проста намалявалі новую цану і ўсё. Ва ўсім свеце старыя калекцыі стараюцца распрадаць хутчэй, зніжкі робяць. А ў нас вось так", — абураецца пакупніца Наталля. І дадае, што ў краме "Мілавіцы" купляць цяпер нічога не хоча. Ёсць шмат іншых.
У службе продажу галоўнага офіса "Мілавіцы" нашай гісторыі не здзівіліся: "Так, такое можа быць. Рэч у тым, што мы абсалютна ўсе цэны пералічваем згодна з курсам долара. У нас не бывае старых і новых калекцый. Уся наша прадукцыя заўсёды прыгожая і якасная. А што ў іншых крамах, я не магу каментаваць. Гэта іх справа, якія там цэны", — гаворыць супрацоўніца "Мілавіцы".