Міліцыя распавяла некаторыя падрабязнасці забойства мінчанкі за машыну
Па падазрэнні ў забойстве Таццяны Слонімскай затрыманыя два мінчукі.
Затрыманне правялі супрацоўнікі крымінальнага вышуку МУС Беларусі ў супрацы з расійскімі калегамі, перадае БелаПАН.
Нагадаем, што апошні раз жанчыну бачылі 3 ліпеня. На сваёй аўтамашыне "Мазда-3" яна выехала ад маці і планавала заняцца зборам ягад у недалёкім лесе ў Мінскім раёне. З тых часоў мабільныя тэлефоны зніклай не адказвалі, а яе месцазнаходжанне было невядомае.
Падчас вышуку і абмену інфармацыяй з калегамі з Расіі ў Маскве знайшлі "Мазду-3" зніклай жанчыны. Пасля выявілі асобу, якая прадавала аўтамабіль. 17 ліпеня ўвечары на чыгуначным вакзале ў Мінску затрымалі непрацуючага 21-гадовага мінчука. Ён прызнаўся ў забойстве жанчыны з карыслівых мэтаў — каб завалодаць яе машынай. Затрыманы паказаў месца пахавання трупа каля вёскі Дварэц Мінскага раёна. Потым па падазрэнні ў датычнасці да злачынства праваахоўнікі затрымалі і яго 19-гадовага знаёмага.
Труп жанчыны быў знойдзены 18 ліпеня. Па выснове экспертаў, прычынай смерці сталі шматлікія нажавыя раненні.
Фота — 21.by