Міліцыя высветліла асобу затрыманага на Дзень Волі, які не назваў сваё прозвішча
Пасля шэсця на Дзень Волі ў ізалятары на вуліцы Акрэсціна ў Мінску застаўся невядомы пенсійнага ўзросту, які адмаўляўся называць міліцыянтам сваё імя і прозвішча, пакуль яму не дадуць адваката. Ён ужо атрымаў некалькі мянушак: за ўпартасць — "Уладзімір Ільіч", а за тое, што пры затрыманні на ім была стужка ў колерах украінскага сцяга, — "Цімашэнка".
Пра вязня, які выбраў незвычайную тактыку, каб адстаяць свае правы, Еўрарарадыё распавёў мінчук Яўген Жукавец, ён сядзеў у адной камеры з гэтым чалавекам у чаканні суда:
"Здаровы такі мужчына сталага веку. Ён спаў на ложку на другім паверсе. Залазіў туды, хаця там вельмі нязручна, ніякага ні заходу, ні падыходу няма. Рэальна, трэба альпіністам быць! Вось ён альпініст. Распавядаў, як ён ездзіў на Камчатку, на Каўказ.
Размаўлялі з ім так: "Прызнавайся, хто ты такі, і ўсё! Што ты тут робіш!" Казалі нам, што ніхто на прагулку не пойдзе, пакуль ён не прызнаецца. І сапраўды, нікога не пусцілі, але патлумачылі, што надвор'е было дрэннае.
Нас увогуле ніхто не дапытваў, проста прынеслі пратаколы на подпіс. А яму ніхто нічога не прыносіў, бо нават прозвішча яго не ведалі".
Яўген сустрэўся з "Уладзімірам Ільічом" яшчэ ў "стакане" (так называюць камеру папярэдняга затрымання) Ленінскага РУУС. Ужо тады ў невядомага адабралі акуляры, без якіх ён амаль нічога не бачыў. "Памялі яму рэбры, надзелі сцяжкі на рукі. Я бачыў усе гэтыя яго сінякі. Натуральна, пасля такога абыходжання ён адмаўлялся размаўляць без законнага прадстаўніка".
Але ці можа адвакат заняцца справай чалавека, які не паведамляе сваё прозвішча? Адвакатка Вольга Неўмяржыцкая кажа, што сустракаецца з такой стратэгіяй "абароны" ўпершыню, гэта сапраўды можа ўскладніць доступ абаронцы да затрыманага: "У дакументах нельга напісаць: "Выклікайце да мяне чалавека, які не называе сваё імя і імя па-бацьку". Але сумняваюся, што адваката ўвогуле не пусцяць".
Права карыстацца паслугамі адвакатаў замацаванае ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Гэты ж кодэкс прадугледжвае, што "чалавека без прозвішча" могуць затрымаць для высвятлення асобы максімум на 72 гадзіны. Гэты тэрмін скончыўся 28 сакавіка пасля абеду. Каля гадзіны Еўрарадыё чакала мужчыну ля ўвахода ў ізалятар, але яго так і не выпусцілі.
Больш за тое: дзяжурны паведаміў нам, што асоба мужчыны ўсталяваная. Аднак распавесці падрабязнасці адмовіўся, удакладніўшы толькі, што "ён сам сказаў сваё прозвішча".
Па тэлефоне для даведак, пазначаным на дзвярах ізалятара, нам таксама адмовіліся сказаць прозвішча затрыманага. Там удакладнілі, што не ведаюць, пра каго канкрэтна ідзе гаворка, бо цяпер у ізалятары чакаюць суда сямёра вязняў.