Міліцыянты шукалі ў Бешанковічах "суполку Робін Гуд"

Георгій Станкевіч / facebook.com/serz.salodkin
Георгій Станкевіч / facebook.com/serz.salodkin

22 лістапада а 7-й гадзіне раніцы міліцыянты прыехалі да Георгія Станкевіча — паэта, барда, рэдактара незалежнага сайта beshankovichi.by. Яго забралі з вёскі Старыя Ранчыцы ў Бешанковічы, каб правесці ператрус у кватэры, дзе ён даўно не жыве, паведамляюць праваабаронцы "Вясны".

Сілавікі распытвалі Станкевіча пра рух "За Свабоду". Іх цікавіла асоба старшыні арганізацыі Юрыя Губарэвіча: пыталіся, дзе ён цяпер знаходзіцца і ці падтрымлівае Станкевіч кантакты з ім.

"Яшчэ супрацоўнікі міліцыі цікавіліся, што я ведаю пра "суполку Робін Гуд". Я пра яе нават і не чуў. Называлі яшчэ нейкія прозвішчы, але я такіх людзей не ведаю", — кажа Станкевіч.

З яго ўзялі падпіску, што ён не будзе парушаць крымінальнае заканадаўства, у прыватнасці артыкул 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Праз некалькі гадзін міліцыянты самі адвезлі мужчыну дадому.

Юрый Губарэвіч паведаміў у сацсетках, што 22 лістапада ператрусы і допыты адбыліся ў шэрагу былых удзельнікаў руху "За Свабоду". Арганізацыя была пазбаўленая афіцыйнай рэгістрацыі 19 лістапада 2021 года. Сам Губарэвіч цяпер знаходзіцца па-за межамі краіны і з'яўляецца намеснікам Паўла Латушкі ў Аб'яднаным пераходным кабінеце.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі