У прэм’ера Славакіі стралялі на ганку Дома Культуры — #ІхНоравы

Агляд міжнародных навін за 15 траўня 2024 года.

Агляд міжнародных навін за 15 траўня 2024 года. / @rubanau_collage

Кароль Карл III хацеў выглядаць сучасным, але толькі напужаў брытанцаў. Галівудскі фільм “Не глядзі ўверх” увасабляецца ў жыццё: кліматолагі б’юць трывогу — і да іх гэтак жа мала прыслухоўваюцца.

А ў Славакіі стралялі ў прэм’ер-міністра. І патрапілі. Пра гэта чытайце ў нашым штодзённым аглядзе міжнародных навін.

Лета 2023 стала самым гарачым за апошнія 2000 гадоў

У Паўночным паўшар’і лета было на 2,07 градуса Цэльсія цяплейшым, чым да індустрыялізацыі. І на 2,2 градуса гарачэйшым за сярэднюю тэмпературу за апошнія 2000 гадоў.

Дагэтуль так горача на Зямлі было толькі ў 246 годзе ў перыяд Рымскага кліматычнага оптымуму. А агулам за год тэмпература перавысіла гістарычную норму на 1,2 – 1,4 градуса. Да гэтага часу самым спякотным лічыўся 2016 год.

Як піша часопіс Nature, гэтыя звесткі не тое, што насцярожваюць — яны прымушаюць навукоўцаў біць ува ўсе званы. Бо глабальнае пацяпленне, пра якое гавораць ужо даўно, адбываецца проста цяпер. І калі не змяніць чалавецтва — у прыватнасці, бізнес і палітыкаў — нас неўзабаве чакаюць цяжкія часы спёкі і засухі, а за імі — харчовы крызіс, знікненне відаў, прыродныя катастрофы і гэтак далей.

У Вялікабрытаніі паказалі першы афіцыйны партрэт караля

Карла III напісаў алеем на 2,5-метровым палатне брытанец Джонатан Еа. Ён жа маляваў Джэймса Кэмерана, Кевіна Спэйсі і іншых селебрыці.

Партрэт здзівіў грамадскасць, бо выкананы пераважна ў чырвоных колерах і вялізнымі мазкамі, што стварае даволі трывожнае, і нават злавеснае ўражанне. Кансерватыўныя брытанцы раскрытыкавалі карціну за адхіленне ад класічных канонаў. 

У прэм’ера Славакіі стралялі на ганку Дома Культуры — #ІхНоравы
Партрэт караля выглядае сучасна, але трывожна / Royal family

У той жа час, чырвоны — колер формы валійскай гвардыі, у якую апрануты кароль. Сам жа мастак лічыць, што такі стыль выглядае сучасна. Над плячом Карла ІІІ лётае матылёк — сімвал метамарфозы прынца ў караля (у якую ўжо ніхто не верыў, пакуль жыла Лізавета II).

На прэм’ер-міністра Славакіі здзейснілі замах

Невядомы стрэліў у Роберта Фіцу ў славацкім горадзе Гандлова. Там палітык праводзіў выязное паседжанне ўрада. Замах адбыўся, калі ён выйшаў на вуліцу прывітаць прыхільнікаў.

Ахова хутка падняла прэм’ер-міністра з зямлі і пагрузіла ў машыну. Фіцу на верталёце даставілі ў шпіталь у Браціславе — гэта каля 180 км ад месца здарэння.

Падазраваны затрыманы. Гэта 71-гадовы мясцовы жыхар. Пра яго матывы нічога не вядома. У Славакіі адмянілі акцыі апазіцыі і спынілі пасяджэнне парламента.

У прэм’ера Славакіі стралялі на ганку Дома Культуры — #ІхНоравы
Замах на прэм'ера Славакіі здарыўся на вачах у публікі і журналістаў / Reuters

Прэзідэнт Славакіі Зузана Чапутова напісала, што шакаваная “жорсткім і бязлітасным” замахам і пажадала Фіцу сіл прыйсці ў сябе. Віцэ-спікер парламента Андрэй Данко сказаў, што гэты замах, відавочна, "сведчыць пра абвастрэнне сацыльнага канфлікту ў славацкім грамадстве".

Роберт Фіца прыйшоў да ўлады ў выніку выбараў восенню мінулага года. Ён прадстаўляе папулісцка-нацыялістычную кааліцыю, і яго прарасійская палітыка выклікае шмат крытыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі