Міліцыянты ўжо тыдзень выклікаюць удзельнікаў пікету з Лябедзькам

Пра гэта Еўрарадыё паведаміў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Вуек.



Вуек: "Працягваецца ціск на нашых актывістаў. Сёння ў міліцыю выклікалі нашага актывіста Вячаслава Хапаля наконт пікета, які 30 студзеня праводзілі ў падтрымку нашага “спікера” на выбарчай кампаніі Дыяны Касцюковіч. Праваахоўнікаў цікавіла, ці раздавалі мы падчас пікета наш партыйны бюлетэнь “Голас розуму” і ці збіралі подпісы супраць увядзення аўтапошліны. Гэта незаконна, таму што нідзе ў выбарчым заканадаўстве не сказана, як праводзіць пікет і якія збіраць подпісы".



Як паведамляла Еўрарадыё, 30 студзеня каля двух дзясяткаў актывістаў выйшлі на пікет на вуліцы 17 верасня каля ЦУМа. У ім удзельнічалі два прэтэндэнты на вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты гарсавета — ад АГП і Партыі левых “Справядлівы свет”. Таксама быў на пікеце старшыня АГП Анатоль Лябедзька.



Праз якіх 15 хвілін з’явіліся каля дзясятка міліцыянтаў і людзей у цывільным. Яны прапанавалі пікетоўцам разысціся, бо тыя, нібыта, праводзяць пікет на праспекце Машэрава, дзе гэта рабіць забараняецца. Міліцыянты вялі фота- і відэаздымку. У арганізатараў пікета перапісалі пашпартныя звесткі.



Вуек сказаў, што да сёння ў міліцыі мусілі пабываць ён і Дыяна Касцюковіч. Ён мяркуе, што справа будзе перададзеная ў суд. Дарэчы, рашэнне Брэсцкага гарвыканкама пра месцы, дзе выбарчыя пікеты забароненыя, было прынятае менавіта 30 студзеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі