Мінаблвыканкам усё-ткі зацвердзіў будаўніцтва новай царквы ў Салігорску
Мінаблвыканкам на пасяджэнні 13 верасня зацвердзіў будаўніцтва новай праваслаўнай царквы ў Салігорску. Пра гэта піша ў Фэйсбуку мясцовы грамадскі актывіст Zaza Gašek.
Па яго звестках, на пасяджэнне горадабудаўнічага савета быў запрошаны прадстаўнік БПЦ, які распавёў, што ў горадзе ёсць толькі адна царква і будаўніцтва новай падтрымлівае мноства грамадзян. Нібыта за будаўніцтва новай царквы сабрана пяць тысяч подпісаў.
Як распавядала Еўрарадыё, супраць будаўніцтва новай царквы за чатыры дні было сабрана 1000 подпісаў. Як заяўляюць ініцыятары петыцыі, у самім горадзе і на яго ўскрайках існуе шэсць праваслаўных цэркваў і прыходаў. Паведамляецца, быццам прадстаўнік БПЦ назваў аўтараў петыцыі шпіёнамі.
"Разам з папом у неабходнасці чарговай філіі РПЦ у нашым горадзе раду пераконвалі прадстаўнікі Салігорскага райвыканкама. І пераканалі. Канцэпцыя плана дэтальнай планіроўкі мікрараёна №21 была ўхваленая абласнымі чыноўнікамі. Якія нават не ўзялі пад увагу шматлікія парушэнні пры правядзенні грамадскіх слуханняў адносна гэтага плана", — дадаў Zaza Gašek.
Па яго словах, рашэнне Мінаблвыканкама будзе абскарджанае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.