Мінадукацыі патлумачыла, чаму ўводзіць абавязковую акрэдытацыю прыватных садкоў
З 1 верасня прыватныя школы і дзіцячыя садкі ў Беларусі мусяць атрымліваць сертыфікат аб акрэдытацыі / pixabay.com
Міністэрства адукацыі і дзяржава цалкам адкрытыя для прыватнай формы адукацыі, але прыватнікі мусяць вытрымліваць пэўныя стандарты. Для гэтага і была ўведзеная з 1 верасня абавязковая акрэдытацыя ўстановаў сярэдняй і дашкольнай адукацыі, заявіў на YouTube-канале БЕЛТА міністр адукацыі Андрэй Іванец. Ён нагадаў, што толькі 13 прыватных школ маюць акрэдытацыю, але працуе іх у разы больш.
"Ім не патрэбны гэты сертыфікат? З 1 верасня ён ім спатрэбіцца, таму што яны не будуць мець права выдаваць дакументы аб адукацыі, а мы не зможам потым перавесці гэтае дзіця ў дзяржаўную ўстанову", — папярэдзіў Іванец.
Акрэдытаваць вырашылі і дзіцячыя садкі, таму што тут таксама існуе свая адукацыйная праграма.
"Сёння ўсе педагогі кажуць: калі мы да 5 гадоў, максімум да 6, не выхаваем дзіця, потым мы будзем займацца толькі перавыхаваннем. Дзіцячы садок — гэта не проста хусткай выцерці нос дзіцяці. Дзіцячы садок — гэта адукацыйная праграма, дзе мы закладваем функцыю камунікацыі, сацыялізацыі, магчымасці арыентавання дзіцяці ў грамадстве. Гэта вельмі сур'ёзныя педагагічныя працэсы", — кажа Іванец. Таму працаваць дазволяць толькі дзіцячым садкам, дзе рэалізуюцца праграмы, зацверджаныя Мінадукацыі, і дзе працуюць людзі, якія маюць "адпаведную педагагічную адукацыю".
Сертыфікаты аб акрэдытацыі будзе выдаваць, са словаў Іванца, Дэпартамент кантролю якасці адукацыі.
Год таму ранейшы міністр адукацыі Ігар Карпенка казаў на рэспубліканскім педсавеце перад пачаткам чарговага навучальнага года, што прыватныя дзіцячыя садкі і школы "выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах, станавіліся апорнымі кропкамі для каляровай рэвалюцыі". Акрамя таго, супрацоўнікі і кіраўнікі гэтых устаноў "апынуліся ў дэструктыўных арганізацыях рознага ўзроўню". Усё гэта адбывалася, на думку Карпенкі, праз адсутнасць ліцэнзавання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.