Мінаховы здароўя паведаміла пра прыпыненне аказання планавай меддапамогі
Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра спыненне аказання планавай меддапамогі ў "амбулаторна-паліклінічных арганізацыях аховы здароўя". Адпаведны загад падпісаны "з мэтай удасканалення аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19".
У міністэрстве падкрэсліваюць, што рашэнне часовае. Гаворка ідзе аб правядзенні дыспансерызацыі, аказанні рэабілітацыйнай дапамогі, скрынінгавых мерапрыемствах, выкананні фізіятэрапеўтычных працэдур, лячэнні ў аддзяленнях дзённага знаходжання, а таксама пра аказанне планавай стаматалагічнай дапамогі.
Прыпыненне аказання планавай меддапамогі ў снежні 2020-га дзейнічала ў мінскіх паліклініках "у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй".
Мінаховы здароўя ўнесла змены ў графік працы амбулаторна-паліклінічнага звяна сталіцы і ў часовыя рэкамендацыі аб арганізацыі аказання меддапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.