Мінчук трапіў пад суд за тое, што выбіў зубы Дзеду Марозу
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска будуць судзіць мужчыну, які выбіў зубы Дзеду Марозу, піша агенцтва "Мінск-Навіны".
Здарэнне адбылося перад Новым годам. 25-гадовы абвінавачаны быў на карпаратыве ў адным са сталічных бараў, дзе выпіваў. Калі нецвярозы мужчына танчыў, да яго падышоў Дзед Мароз, каб уручыць падарунак. Аднак мужчына не ацаніў гэта і стукнуў артыста ў галаву. У выніку той атрымаў скол керамічнай часткі каронак двух зубоў.
Калі нападнік працверазеў, ён патлумачыў свае паводзіны празмерным ужываннем алкаголю і некантраляванай агрэсіяй. Ён прымірыўся з пацярпелым і кампенсаваў яму шкоду. Таму мужчына хадайнічаў пра закрыццё крымінальнай справы.
Аднак пракурор раёна хадайніцтва адхіліў. У пракуратуры спаслаліся на тое, што нападнік больш за 20 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Цяпер з абвінавачанага ўзялі падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.
За хуліганства яму пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.