Адмова ва ўездзе ў Грузію: што трэба ведаць беларусам пра пагрозы на мяжы

Беларусы могуць сутыкнуцца з праблемамі на грузінскай мяжы.

Беларусы могуць сутыкнуцца з праблемамі на грузінскай мяжы. / pixabay.com

Журналісту і актывісту з Гродна Андрэю Мялешку, які з дачкой вяртаўся з кароткага адпачынку ў Польшчы, адмовілі ва ўездзе ў Грузію. Сям'я з'ехала туды, ратуючыся ад пераследу ў Беларусі. Яны пасяліліся ў Батумі, дзе жывуць ужо тры гады.

Мужчыну з дачкой-шасцікласніцай суткі трымалі ў закрытым памяшканні ў аэрапорце Кутаісі без ежы, вады і інфармацыі, а потым начным рэйсам адправілі назад у Варшаву.

У Батумі засталіся жонка з малодшай дачкой, якая толькі-толькі пайшла ў Грузіі ў першы клас. Маці ў аэрапорце не дазволілі пабачыцца з дзіцем. Не пусцілі да сям'і і адваката.

У дакументах пра адмову ва ўездзе ў Грузію, якія Андрэю Мялешку выдалі памежнікі ў аэрапорце, стаіць "іншая прычына". Аднак што менавіта пад гэтым разумеюць, яму не патлумачылі.

Так жыццё беларуса спантанна перавярнулася: цяпер яму трэба будзе вырашыць, як і дзе будзе жыць сям'я.

Раман Кісляк, праваабаронца і прадстаўнік беларускай дыяспары Аджарыі, адзначае, што беларусам адмаўляюць ва ўездзе не так часта. За апошнія паўтара года вядомыя тры такія сітуацыі, і дзве з іх датычылі актыўных прадстаўнікоў дыяспары. А беларусаў у Грузіі, кажа праваабаронца, жыве каля 11 тысяч.

— Відавочна, што адмовы датычаць актывістаў дыяспары, яны ў групе рызыкі, — кажа Раман Кісляк. — Відавочна, што ёсць спісы, па якіх людзі правяраюцца на мяжы. Актыў беларускай дыяспары, беларускія грамадскія актывісты і беларускія журналісты — у гэтых спісах. Гэта відаць па тым, як "завісае камп'ютар" на мяжы, калі правяраюць актывістаў. Прычым гэта адбываецца як на выездзе, так і на ўездзе. Калі кантроль вашага пашпарта на мяжы займае ад 15 хвілін да некалькіх гадзін, то вы, хутчэй за ўсё, у гэтым спісе.

У такім выпадку, кажа праваабаронца, рашэнне пра тое, пускаць чалавека ў краіну ці не, прымаюць памежнікі і супрацоўнікі Службы дзяржаўнай бяспекі — за імі апошняе слова. Каго пусцяць, а каго не, прадбачыць немагчыма.

— Калі незразумелыя правілы, гэта моцна парушае прынцып прававой дзяржавы. У Беларусі рэжым гэта робіць спецыяльна, каб фармаваць атмасферу страху. Спецыяльна гэта робіцца ў Грузіі ці праз недахопы заканадаўства — складана зразумець, — разважае Раман Кісляк. — Яшчэ адзін момант — гэта шэрая зона заканадаўства для тых замежнікаў, якія прыбываюць на мяжу Грузіі. Як высветлілася, законы там кепска працуюць. Да замежнікаў, якія атрымалі адмову ва ўездзе (як, напрыклад, Яўген Гацак ці Андрэй Мялешка), не пускаюць адваката, да іх не могуць трапіць нават прадстаўнікі офіса амбудсмена. Гэта такая зона, у якой уладараць памежнікі і супрацоўнікі дзяржаўнай бяспекі.

Отказ во въезде в Грузию: что нужно знать белорусам об угрозах на границе
Раман Кісляк выйшаў на пікет да будынка канцылярыі ўрада Грузіі / з асабістага архіва

Беларуская дыяспара знайшла кантакт з рэгіянальнымі ўладамі ў Батумі. На нацыянальным узроўні ўзаемадзеяння пакуль не атрымліваецца. Таму актывісты выходзяць на пікеты, каб неяк прыцягнуць да праблемаў беларусаў увагу.

— Няма прававой пэўнасці. На мяжы Грузіі не працуе прынцып прававой дзяржавы. Гэта сур'ёзная праблема ў Грузіі, пра якую ведаюць грузінскія юрысты, адвакаты і праваабаронцы, але пра гэта мала ведаюць у грамадстве. Думаю, нам як дыяспары ў сувязі з апошнімі кейсамі пра непусканне беларусаў варта публічна падняць гэтыя праблемы праз акцыі, — кажа Раман Кісляк.

"Візаран" — кепская практыка?

Грузія стала прывабнай краінай для беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму, яшчэ і таму, што сюды не патрэбная віза. З беларускім пашпартам у Грузіі можна знаходзіцца 365 дзён без дадатковых дакументаў.

Каб "абнуліць" гэты тэрмін, здзейсніць так званы visa run, дастаткова выехаць з Грузіі ў любую краіну. Тады па вяртанні разам з адзнакай на мяжы пачнецца новы тэрмін знаходжання ў Грузіі.

— Тым беларусам, хто жыве ў Грузіі і будзе візараніцца ці проста выязджае і заязджае ў Грузію, парада адна: улічвайце тое, што вас могуць не пусціць у Грузію. Зараджайце тэлефон перад паездкай і майце зарадку, вазьміце дастаткова грошай на некалькі дзён. Ежы і пітва — хаця б на адзін перакус (на 4-6 гадзін). Папярэдзьце блізкіх пра паездку, калі выязджаеце. Самае галоўнае ў гэтай сітуацыі — мець сувязь. Былі выпадкі, калі людзі (не беларусы) выязджалі папіць кавы ў Турцыю і проста прайсціся, а іх у Грузію назад не пускалі, — кажа Раман Кісляк.

— Я не ведаю канкрэтнай сітуацыі [Андрэя Мялешкі. Еўрарадыё]. Але магу толькі параіць не ставіцца легкадумна да пытанняў легалізацыі ў іншых краінах і да пытання перасячэння межаў. Усе гэтыя "візараны" — патэнцыйная зона рызыкі. Але, вядома, магчымыя і іншыя прычыны адмовы.

Закон наўпрост не забараняе такой магчымасці выехаць і вярнуцца, каб "абнуліць" тэрмін знаходжання ў Грузіі. Але дзяржава пакідае за сабой права вырашаць, дазволіць чалавеку ўезд ці не.

— Візаран сам па сабе з пункту гледжання міграцыйнай і памежнай службы можа ўяўляцца парушэннем міграцыйнага заканадаўства, дакладней, злоўжываннем. Калі чалавек хоча знаходзіцца ў краіне больш чым год, то відавочна, што ён не проста турыст. Праз гэта ўзнікаюць пытанні, дзе і кім ён працуе, як плаціць падаткі, таму з пункту гледжання міграцыйнага заканадаўства ён мусіць заклапаціцца падставай для атрымання ВНЖ.

Тое, што ўсе так робяць — выязджаюць, адразу вяртаюцца і мала каго разварочваюць, — не значыць, што гэта цалкам легальна. Скажам так, гэта не зусім тое, што дзяржава ўхваляе.

Зразумела, так робяць многія, і звычайна на такое дробнае злоўжыванне не звяртаюць увагі, але гэта не значыць, што ў кожным канкрэтным выпадку чалавеку не могуць адмовіць ва ўездзе. Калі такіх выпадкаў становіцца занадта шмат, то пачынаюцца пытанні ўнутры ведамстваў, і можна трапіць пад выбарачны пільны разгляд прычын ўезду. І могуць забараніць уезд любому, хто фармальна заязджае як турыст, але пры гэтым відавочна збіраецца жыць і працаваць у Грузіі. Гэта права краіны, — падсумоўвае Андрэй Розум.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі